Святы Пасад: пажылыя – носьбіты мудрасці і вопыту Божай вернасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле распаўсюджанага ўяўлення, надзея належыць маладым, тым, хто мае перад сабой усё жыццё. Аднак Леў XIV у сваім пасланні, апублікаваным 10 ліпеня 2025 года да Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, што будзе адзначацца 27 ліпеня 2025 года, кажа, што можна быць знакам надзеі ў любым узросце. Гэта важная змена перспектывы, як падкрэслівае біскуп Джэрвазі.
Сталасць – гэта каштоўны перыяд, багаты на скарбы, якія трэба адкрыць
У гутарцы з медыя Святога Пасада іерарх адзначае, што сёння пануе так званая культура "anti-aging", культ маладосці і барацьбы са старэннем. Перспектыва Льва XIV, падобна да біблійнай, надае кожнаму этапу жыцця яго ўласную вартасць.
"Сталасць – гэта каштоўны перыяд, багаты на скарбы для адкрыцця, такія як мудрасць, здабытая праз жыццёвы досвед, а таксама веданне Божай вернасці, якую яны спазналі на працягу доўгіх гадоў", - падкрэслівае намеснік сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця.
Каб гэтыя багацці не былі страчаны, трэба прымаць канкрэтныя дзеянні. "Прапаноў можа быць шмат, пачынаючы ад самых простых, як наведванне сем'яў ці час, прысвечаны слуханню сведчанняў пажылых людзей. Але таксама праз сумеснае перажыванне літургіі, мерапрыемстваў – спалучаючы прысутнасць сеньёраў з прысутнасцю сем'яў і дзяцей – так, каб дзядулі і бабулі заўсёды былі разам", - кажа біскуп Джэрвазі.
Атаясамліванне жыцця з прадуктыўнасцю прыніжае нашу чалавечую годнасць
Біскуп перасцерагае, каб не кіравацца моднай сёння ідэяй "прадуктыўнасці". "Гэта сапраўды нездаровая ідэя, якой мы павінны рашуча супрацьстаяць, каб аднавіць сэнс жыцця: атаясамліванне жыцця з вытворчасцю прыніжае нашу чалавечую годнасць", - дадае ён. І нагадвае, што пажылыя людзі вяртаюць нам вымярэнне бескарыслівасці, дару, умеюць прысвячаць час, не падлічваючы яго карыснасць.
"Дзякуючы сваёй шчодрасці ў адносінах да маладых, яны робяць іх мацнейшымі: усё можна рабіць разам – там, дзе ёсць старэйшыя, ёсць нешта большае, а не меншае", - кажа ватыканскі іерарх.
Ён заахвочвае маладых дапамагаць старэйшым увайсці ў свет сучасных тэхналогій, а старэйшых – дапамагаць маладым заўважыць духоўны бок жыцця. Як ён кажа, няма лепшага спосабу засвойваць веру дзецям, чым напрыклад, калі дзядуля ў размове з унукамі скажа: "няхай будзе воля Божая".
Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей адзначаць 27 ліпеня 2025 года. Для гэтай падзеі Дыкастэрыя падрыхтавала душпастырскі дапаможнік, які змяшчае малітвы, матэрыялы і літургічныя прапановы, накіраваныя на заахвочванне вернікаў у парафіях па ўсім свеце – як тых, хто не зможа асабіста ўдзельнічаць з прычыны адлегласці, так і тых, хто не можа перамяшчацца, бо жыве ў дамах апекі або праводзіць гэты дзень у дзённых цэнтрах падтрымкі.
Абдымкі з пажылым чалавекам – гэта як дакрананне да знаку вернасці Пана
"Для маладых наведванне пажылога чалавека – гэта нагода для сустрэчы са сведчаннем Бога, які жыве ў ім – абдымкі з такім чалавекам гэта як дакрананне да знаку вернасці Пана. У гэтым сэнсе Леў XIV нагадвае нам, што пажылыя людзі дапамагаюць нам мець надзею і самі таксама заўсёды могуць мець надзею", - кажа біскуп Джэрвазі.
У кастрычніку 2025 года адбудзецца міжнародны кангрэс, які стане нагодай для разважання над важнымі аспектамі жыцця пажылых людзей – ад духоўнасці, праз “культуру адчужэння”, да іх ролі ў касцельных супольнасцях.
"Мы ўжо пачалі і надалей праводзім серыю анлайн-сустрэч на кантынентальным узроўні з адказнымі за душпастырства пажылых людзей у епіскапатах па ўсім свеце", - тлумачыць намеснік сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця.