MAP

Сястра Наталі Бэкар Сястра Наталі Бэкар 

Бэкар тлумачыць новы “сінадальны” дакумент

Падсакратар Генеральнага cакратарыяту Сінода тлумачыць, як новая фаза ўкаранення дапаможа розным касцельным супольнасцям выйсці з ізаляцыі праз тры ключавыя словы.

Vatican News

Ажыццявіць, канкрэтызаваць Сінод на "мясцовым узроўні" праз "абмен дарамі" паміж касцельнымі супольнасцямі ўсяго свету – гэта сутнасць дакумента, апублікаванага на днях Генеральным сакратарыятам Сінода пад назвай “Шляхі рэалізацыі Сінода на перыяд 2025-2028 гадоў”.

Сінадальнасць – гэта Другі Ватыканскі Сабор у сінтэзе

Сястра Наталі Бэкар у інтэрв'ю "Vatican News" тлумачыць мэты новага дакумента і падкрэслівае важнасць яго практычнага прымянення ў жыцці Касцёла.

Падсакратар прапануе два падыходы да разумення сінадальнасці. "Сінадальнасць – гэта Другі Ватыканскі Сабор у сінтэзе. Усе нашы дакументы падкрэсліваюць, што наша праца сапраўды адлюстроўвае бачанне Сабора", – тлумачыць яна.
Еднасць, удзел, місія – тры ключавыя словы сінадальнасці

"Іншы спосаб – больш просты – спасылаецца на наш лагатып і падкрэслівае тры ключавыя словы: еднасць, удзел, місія. Можна сказаць, што сінадальнасць – гэта спосаб дапамагчы Касцёлу стаць больш місіянерскім і забяспечыць больш шырокі ўдзел усіх вернікаў у яго жыцці", - дадае падсакратар.

Што тычыцца новага дакумента, які з’явіўся 7 ліпеня 2025 года, сястра Бэкар падкрэслівае, што ён "адказвае на простыя пытанні" і служыць для падтрымкі ўкаранення Сінода на мясцовым узроўні, а таксама для таго, што называецца "абменам дарамі" паміж мясцовымі Касцёламі.

Кожны мясцовы Касцёл мае свой шлях, але не можа быць ізаляваным

"Кожны мясцовы Касцёл мае свой шлях, але не можа быць ізаляваным. Таму гэты дакумент таксама хоча падкрэсліць, што нельга ажыццявіць сінадальнае навяртанне ў адзіночку, вельмі важна працаваць разам як розныя мясцовыя Касцёлы", - гаворыць яна.

На пытанне пра канкрэтныя прапановы для мясцовых Касцёлаў і вернікаў, сястра Бэкар адзначае, што першы адказны – гэта дыяцэзіяльны ці епархіяльны іерарх, але падкрэслівае, што "ўсе маюць ролю, якую павінны выконваць, не толькі біскуп можа гэта рабіць".

Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што сінадальнасць павінна ажыццяўляцца ва ўсіх відах касцельных арганізацый, такіх як каталіцкія школы і ўніверсітэты, моладзевае служэнне, дабрачынныя арганізацыі, а таксама манаскія супольнасці.
 

09 ліпеня 2025, 11:09