MAP

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш на IV Міжнароднай канферэнцыі па фінансаванні развіцця ў Севільі Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш на IV Міжнароднай канферэнцыі па фінансаванні развіцця ў Севільі 

Арцыбіскуп Кача: ААН імкнецца да паляпшэння глабальнага развіцця

Удзельнікі канферэнцыі ААН у Севільі зрабілі пазітыўныя крокі наперад, якія могуць прывесці да ўдасканалення сістэмы фінансавання глабальнага развіцця, - лічыць назіральнік Святога Пасада ў ААН, арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Vatican News

З ліпеня 2025 года ў Іспаніі завяршылася IV Міжнародная канферэнцыя па фінансаванні развіцця. У каментарыі для ватыканскіх СМІ прадстаўнік Святога Пасада выказаў надзею на пазітыўныя вынікі гэтай сустрэчы.

Арцыбіскуп Кача адзначыў, што, нягледзячы на розныя пазіцыі ўдзельнікаў канферэнцыі – урадаў, фінансавых інстытутаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці – удалося знайсці добры кампраміс. "Былі ўлічаныя розныя пункты гледжання, што дазволіла зрабіць крокі наперад, якія могуць прывесці да далейшых рашэнняў і паляпшэння сістэмы фінансавання развіцця", - падкрэсліў ён.

Беднасць – глабальная пагроза

Севільскае пагадненне рашуча пацвердзіла гатоўнасць дзяржаў рэалізаваць Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. У дакуменце прызнаецца, што беднасць застаецца адной з найбольш сур’ёзных глабальных праблем, падкрэсліваецца неабходнасць пашыраць правы чалавека і фундаментальныя свабоды для ўсіх, а таксама папярэджваецца аб тым, што адмова ад міжнароднага супрацоўніцтва можа прынесці шкоду ўсяму чалавецтву.

Абарона навакольнага асяроддзя

Асобная ўвага была нададзена экалагічным праблемам. Сусветныя лідары прызналі, што барацьба з зменай клімату, стратай біяразнастайнасці і апустыньваннем ідзе марудна, са спазненнем. У сувязі з гэтым яны абавязаліся неадкладна ўзмацніць свае намаганні ў галіне клімату, асабліва ў тым, што тычыцца фінансавай падтрымкі краін на шляху развіцця.

Фінансавы разрыў

"Мы больш не гаворым пра надзею, мы яе будуем", - заявіў намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічным развіцці Навід Ханіф. Ён назваў прыняты дакумент адказам на вострую неабходнасць скараціць фінансавы разрыў у дасягненні мэт устойлівага развіцця, які складае велізарную лічбу ў 4 трыльёна долараў.

Канфлікты і напружанасць

У геапалітычным кантэксце, на фоне напружанасці і канфліктаў, а таксама глыбокіх эканамічных і сацыяльных змен, удзельнікі Севільскага пагаднення прапануюць шэраг канкрэтных дзеянняў: адраджэнне дзяржаўнай інвестыцыйнай і фінансавай палітыкі; умацаванне падатковых сістэм шляхам забеспячэння празрыстасці; падтрымка ўстойлівага развіцця; узмацненне дапамогі краінам на шляху развіцця; забеспячэнне інклюзіўнага эканамічнага росту з улікам ролі прыватнага бізнесу.

Цяжар даўгоў

На адкрыцці канферэнцыі Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш нагадаў аб крызіснай сітуацыі, якая ўзнікла з-за цяжару дзяржаўнага доўгу краін, якія развіваюцца. Ён падкрэсліў, што існуючую фінансавую сістэму неабходна тэрмінова перагледзець, бо яна стала няўстойлівай і несправядлівай. Па апошнім даным ААН, краіны Поўдня плацяць працэнтныя стаўкі па запазычанасці амаль у два разы вышэйшыя, чым краіны Поўначы, а іх знешняя запазычанасць багатым краінам за апошнія 15 гадоў патроілася.

04 ліпеня 2025, 10:49