Арцыбіскуп Галахер заклаў падмурак тэалагічнага інстытута ў Індыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі адзначыў гістарычнае значэнне гэтай падзеі для ўсёй Сіра-маланкарскай Царквы. “Мы сабраліся тут у духу адзінства, веры і ўдзячнасці. (...) Гэта дзень глыбокага значэння, дзень, які ўвойдзе ў аналы гісторыі Касцёла”, - адзначыў ён.
Іерарх нагадаў пра багатую спадчыну Сіра-маланкарскай Царквы, якая заўсёды надавала вялікае значэнне адукацыі, духоўнаму выхаванню і служэнню. Гэта спадчына заклікае новыя пакаленні працягваць распачаты продкамі шлях.“Закладка каменя ў падмурак будынка – нешта большае, чым сімвалічны жэст, гэта дэкларацыя нашай прыхільнасці будучыні”, - сказаў ён.
Інстытут тэалогіі будзе выхоўваць не толькі навукоўцаў і пастараў, але і лідараў, будаўнікоў мастоў і слуг чалавецтва. Ён стане месцам адкрытага дыялогу паміж верай і сучаснасцю. “Гэты інстытут стане маяком надзеі, які выпраменьвае святло Хрыста для ўсіх, хто шукае ісціну і сэнс. Гэта будзе месца, дзе вітаюцца пытанні, дзе адрозненні разглядаюцца як магчымасць для росту”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.
Арцыбіскуп Галахер пажадаў, каб інстытут быў адкрытым для ўсіх, незалежна ад паходжання або абставін. Тут мусяць знаходзіць голас маргіналізаваныя, тут павінны панаваць справядлівасць і міласэрнасць, і кожны чалавек мець магчымасць рэалізаваць свой Богам дадзены патэнцыял.
Іерарх выказаў спадзяванне на тое, што новы інстытут стане цэнтрам перадавога вопыту, вядомым не толькі сваёй акадэмічнай якасцю, але і адданасцю служэнню, міру і прымірэнню. Ён заклікаў усіх – духавенства і свецкіх, настаўнікаў і студэнтаў, дабрачынцаў і будаўнікаў – аб’яднацца, каб увасобіць у жыццё гэта бачанне.
“З надзеяй, пакорай і ўдзячнасцю мы закладваем гэты камень у падмурак, верачы, што тое, што пачнем сёння, будзе квітнець, прыносячы святло і жыццё Касцёлу і свету”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.