Арцыбіскуп Галахер: адзінства ў разнастайнасці магчымае
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел ва ўрачыстасцях у памяць Слугі Божага Мар Іваніёса, першага арцыбіскупа Сіра-Маланкарскай Царквы, якія прайшлі ў горадзе Трывандрам (штат Керала). У сваёй гаміліі ён назваў арцыбіскупа Мар Іваніёса “дальнабачным празорцам”, “чалавекам, чыё жыццё і місія працягваюць натхняць і сёння”. Яго рашэнне, прынятае 95 гадоў таму, аб далучэнні маланкарскай сірыйскай праваслаўнай супольнасці да Каталіцкага Касцёла стала “гістарычным момантам не толькі для Кералы, але і для ўсяго паўсюднага Касцёла”, сведчаннем адзінства ўсіх хрысціян.
Мар Іваніёс лічыў, што сапраўднае адзінства не навязваецца сілай, а нараджаецца з сэрца Евангелля, з'яўляецца плёнам малітвы, пакоры і дыялогу. Ён заснаваў шматлікія школы і каледжы, лічачы, што адукацыя павінна быць цэласнай, выхоўваць розум, цела, сэрца і душу. “Ён таксама выступаў за адукацыю жанчын у той час, калі гэта не было шырока распаўсюджана, дэманструючы свой шырокі кругагляд і глыбокую павагу да чалавечай годнасці”, - нагадаў іерарх.
Жыццё Мар Іваніёса было святым і жывым знакам Божай вернасці свайму Касцёлу, адзначаным непахіснай прыхільнасцю сярод выпрабаванняў і супрацьстаяння. “Мы таксама закліканы глыбей пранікнуць у таямніцу касцёльнай салідарнасці, ушанаваць спадчыну тых, хто быў да нас, і захоўваць вернасць”, - зазначыў арцыбіскуп Галахер.
Гатоўнасць Мар Іваніёса служыць, нават сярод непаразумення і цяжкасцей, адлюстроўвае глыбокую эсхаталагічную свядомасць. Мы таксама закліканы “жыць у пастаяннай гатоўнасці да вяртання Пана, увасабляючы сумленнасць, пільнасць і любоў”, - працягнуў іерарх.
Мар Іваніёс прадэманстраваў, што сапраўдная вера дынамічная і пераўтваральная: яна заклікае нас смела дзейнічаць у адпаведнасці з Божай воляй. Яго гістарычнае рашэнне не абышлося без аспрэчванняў і цяжкасцяў. Аднак яго непахісная вера надавалі яму сілы для настойлівасці, - адзначыў арцыбіскуп Галахер, заклікаючы сучасных вернікаў “быць мужнымі сведкамі Хрыста ў сем'ях, на працы і ў грамадстве, нягледзячы на любыя цяжкасці”.
У аснове жыцця і служэння Мар Іваніёса ляжала малітва. “Ён верыў, што без малітвы нашы дзеянні губляюць мэту і кірунак”, - нагадаў іерарх, заклікаючы ніколі не грэбаваць умацаваннем адносін з Богам з дапамогай малітвы.
Прыклад Мар Іваніёса паказвае, што адзінства сярод разнастайнасці магчыма, калі яно грунтуецца на любові і праўдзе. Кожны з нас закліканы быць міратворцам, будаўніком мастоў і сведкам Евангелля. Сапраўднае адзінства ўключае ў сябе справядлівасць і спачуванне да тых, хто пакутуе, - дадаў арцыбіскуп Галахер.
Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў не забываць, што спадчына Мар Іваніёса – гэта не проста гістарычны факт, а жывы заклік да кожнага з нас. “Будзь то малітва, адукацыя, адзінства або служэнне, мы пакліканы працягваць яго місію ў нашым уласным кантэксце”, - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.