MAP

Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Апублікаваны новы дакумент па рэалізацыі сінадальнага працэсу

Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў апублікаваў дакумент “Шляхі рэалізацыі Сінода на перыяд 2025-2028 гадоў”, які тычыцца цяперашняга этапу ажыццяўлення сінадальнага працэсу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Новы дакумент, абнародаваны 7 ліпеня 2025 года, уяўляе сабой “ключ да разумення” бягучага этапу рэалізацыі Сінода Біскупаў па сінадальнасці. Ён прапануе мясцовым Касцёлам ва ўсім свеце “агульную рамкавую структуру, якая палягчае сумесны шлях” і запрашае да “дыялогу, які прывядзе ўвесь Касцёл да Касцёльнай Асамблеі”, запланаванай на кастрычнік 2028 года. Падзея стане завяршальным этапам сінадальнага працэсу, распачатага Папам Францішкам у 2020 годзе.

У прадмове да “Шляхоў рэалізацыі Сінода” Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Марыё Грэк, адзначае, што “сінадальная форма Касцёла служыць яго місіі. Менавіта неадкладнасць гэтай місіі падштурхоўвае нас да рэалізацыі рашэнняў Сінода, задачы, за якую нясуць адказнасць усе ахрышчаныя”.

Іерарх падкрэслівае, што Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў, які падрыхтаваў дакумент, служыць мясцовым Касцёлам, гатовы “слухаць іх, падтрымліваць іх намаганні, і перш за ўсё, спрыяць дыялогу і абмену дарамі паміж мясцовым Касцёламі”.

Дакумент пачынаецца з тлумачэння мэт этапу рэалізацыі сінадальнага працэсу, затым апісвае ўдзельнікаў гэтага этапу, іх задачы і сферы адказнасці; прапануе спосабы працы з Канчатковым дакументам Сінода Біскупаў, які з'яўляецца асноўнай кропкай адліку на гэтым этапе шляху; а таксама дае парады адносна метадаў і інструментаў, якія могуць дапамагчы скіраваць наш шлях на этапе рэалізацыі.

Мы перадаём гэты дакумент “усяму народу Божаму, які з'яўляецца суб’ектам сінадальнага шляху, асабліва біскупам і епіскапам, членам сінадальных каманд і ўсім, хто тым ці іншым чынам удзельнічае ў этапе рэалізацыі”, - напісаў кардынал Грэк. Асноўная яго мэта – “выказаць нашу падтрымку і працягнуць дыялог, які характарызаваў увесь сінадальны шлях” - дадаў ён.

З поўным тэкстам дакумента “Шляхі рэалізацыі Сінода на перыяд 2025-2028 гадоў” можна азнаёміцца на сайце Сінода Біскупаў: www.synod.va.

08 ліпеня 2025, 10:38