Даведнік для пілігрымаў, якія едуць у Рым на Юбілей Моладзі
Vatican News
“Вадэмекум пілігрыма” змяшчае найважнейшую інфармацыю, якая датычыцца лагістыкі, бяспекі і праграмы Юбілею Моладзі, які пройдзе ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года. Па ацэнках, у галоўных урачыстасцях прыме ўдзел да мільёна пілігрымаў з усіх куткоў свету.
Падобна як Сусветныя дні моладзі, так і юбілейная сустрэча – гэта перш за ўсё нагода для малітвы і святкавання ў міжнароднай супольнасці. Таму асноўнымі часткамі праграмы з'яўляюцца сумесныя сустрэчы моладзі з усяго свету, якія асобныя епіскапаты і каталіцкія супольнасці дапаўняюць уласнымі прапановамі.
Міжнародныя сустрэчы і нацыянальныя ініцыятывы
Дзякуючы дадатковым прапановам моладзь, якая размаўляе на пэўных мовах ці звязаная з канкрэтнай духоўнасцю (напрыклад, з “Супольнасцю Тэзэ”), можа сустрэцца ў меншых групах.
У апублікаваным “вадэмекуме” можна знайсці інфармацыю аб галоўных, міжнародных пунктах праграмы, а таксама, між іншым, гадзіны адкрыцця папскіх базілік і правілы атрымання “testimonium”, якое пацвярджае здзяйсненне юбілейнага паломніцтва праз Святую Браму да магілы святога Пятра – галоўнай мэты паломніцтва ў Рым у Святы Год.
Карысныя мабільныя дадаткі для пілігрымаў
У Даведніку нагадваюць, што дапамогай для ўдзельнікаў Юбілею Моладзі будзе шэраг бясплатных дадаткаў, якія варта спампаваць яшчэ перад прыездам у Рым. Першы з іх – дадатак для смартфонаў “Vatican News”, дзякуючы якому можна сачыць за навінамі з жыцця Касцёла, у тым ліку тымі, якія датычацца Святога Айца і юбілейных сустрэч, а таксама пераклады на розныя мовы папскіх цэлебрацый, разважанняў і дакументаў.
Наступны – дадатак “Iubilaeum25”, які падрыхтавала Дыкастэрыя па евангелізацыі для перадачы ўсёй інфармацыі аб падзеях, арганізаваных у Святы Год. Арганізатары таксама заахвочваюць спампаваць дадатак “Acquea”, які змяшчае інтэрактыўную карту бясплатных пунктаў пітной вады на тэрыторыі горада.
У падрыхтаваным дакуменце знаходзяцца як спасылкі для спампоўвання дадаткаў, так і карысныя вэб-сайты, у тым ліку лакатар крам, якія прымаюць харчовыя талоны з пакета пілігрыма, даведнік аб паркоўках ці гарадскім транспарце падчас сустрэчы моладзі.
“Вадэмекум” можна на афіцыйным сайце Юбілею 2025.