MAP

Ватыканскія музеі: завершана рэстаўрацыя Залы Канстанціна

Ватыканскія музеі абвясцілі пра завяршэнне маштабнай рэстаўрацыі Залы Канстанціна – самага вялікага пакоя з станцаў Рафаэля. Работы працягваліся амаль дзесяць гадоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

26 чэрвеня 2025 года у Ватыканскіх музеях адбудзецца прэзентацыя адрэстаўраванай Залы Канстанціна з удзелам дырэктара Барбары Яты, куратараў і рэстаўратараў.

Рэстаўрацыйныя працы пачаліся ў сакавіку 2015 года з аднаўлення фрэскі "Відзенне Крыжа" на ўсходняй сцяне і скончыліся ў снежні 2024 года рэстаўрацыяй вялікага жывапіснага габелена, які ўпрыгожвае скляпенне залы.

Праект ажыццявілі ватыканскія спецыялісты пры падтрымцы мецэнатаў з амерыканскай ініцыятывы "Patrons of the Arts in the Vatican Museums".
Рэстаўрацыя дазволіла аднавіць першапачатковыя мастацкія якасці роспісаў Рафаэля, а таксама адкрыла новыя магчымасці для вывучэння гісторыі, тэхнікі і асаблівасцяў іх мастацкага выканання.

Зала Канстанціна, прысвечаная рымскаму імператару, які даў хрысціянам свабоду веравызнання, з’яўляецца ўнікальным помнікам эпохі Адраджэння. У гістарычных дакументах яна называлася Aula pontificum superior для адрознення ад Aula pontificum inferior, якая знаходзілася паверхам ніжэй у апартаментах Борджа. Зала прызначалася для афіцыйных падзей: кансісторыяў, урачыстых прыёмаў.

Памяшканне ўпрыгожвалі ў некалькі этапаў: пры Папах Льве X і Кліменце VII Рафаэль і яго майстэрня выканалі галоўныя фрэскі: "Відзенне Крыжа", “Бітва Канстанціна з Максенцыем”, “Хрост Канстанціна” і “Дар Рыма”. Пры Папе Паўле III працу працягваў Себасцьяна дэль П’ёмба, а пры Грыгорыі XIII і Сіксце V яго вучань Тамаза Лаўрэці завяршыў роспіс скляпення з знакамітай цэнтральнай фрэскай “Трыумф хрысціянства над паганствам”.

Сёння пасля дзесяцігадовай рэстаўрацыі можна ў поўнай меры ацаніць мастацкае багацце і разнастайнасць Залы Канстанціна, у афармленні якой спалучаюцца розныя стылі і тэхнікі, адлюстроўваючы эвалюцыю рымскага жывапісу XVI стагоддзя.

24 чэрвеня 2025, 12:44