Ватыканскія музеі: новая публікацыя пра творчы геній Бараміні
Марыя Валодзіна - Vatican News
Бараміні пакінуў пасля сябе яркую спадчыну, якая да гэтага часу дапамагае архітэктарам і навукоўцам зразумець важнасць сакральнай і грамадзянскай прасторы, - лічыць рэдактар выдання Алесандра Радольфа.
У публікацыі прадстаўлены работы вядомых італьянскіх і міжнародных даследчыкаў, якія прынялі ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай 350-годдзю смерці Бараміні. Выданне ўяўляе сабой фундаментальны навуковы інструмент для даследавання творчай спадчыны архітэктара. У ім 440 старонак, аздобленых 237 чорна-белымі і каляровымі ілюстрацыямі.
Архітэктар барока
Франчэска Бараміні, адзін з самых уплывовых архітэктараў эпохі барока, пакінуў глыбокі след у еўрапейскай архітэктуры XVII-XVIII стагоддзяў. Ён спраектаваў, у прыватнасці, такія шэдэўры архітэктуры, як Касцёл Святой Агнешкі (Сант-Аньезе) на Плошчы Навона, Араторый Святога Філіпа Неры і Касцёл Святога Карла (Сан-Карла-але-кватро-фантане) з авальным купалам і хвалістым фасадам, якія адлюстроўваюць наватарскі дух архітэктара.
Суперніцтва з Берніні
Жыццё і творчасць Бараміні былі адзначаны суперніцтвам з таленавітым Джан Ларэнца Берніні (1598-1680). Першапачаткова Бараміні працаваў пад яго кіраўніцтвам на фабрыцы Сабора Святога Пятра, але неўзабаве распрацаваў свой уласны стыль.
У той час як харызматычны Берніні часта карыстаўся прыхільнасцю Пап, больш стрыманы і замкнёны ў сабе Бараміні часта апынаўся ў цені свайго канкурэнта. Аднак для Вечнага горада суперніцтва двух геніяў было ўдачай, спрыяючы яго архітэктурнаму ўзбагачэнню.
Трагічны скон
Кар'ера Бараміні пачала згасаць пасля смерці некалькіх мецэнатаў і сяброў, а таксама страты заказаў. Незадоўга да свайго 67-годдзя ён пакончыў з сабой па прычынах, якія так і не былі канчаткова высветлены.