MAP

Леў XIV з ксяндзом Хасэ Наўмам Хаіра Саласам Кастаньедай Леў XIV з ксяндзом Хасэ Наўмам Хаіра Саласам Кастаньедай  

Прызначаны новы каардынатар замежных паездак Папы

Ксёндз Хасэ Наўм Хаіра Салас Кастаньеда прызначаны новым каардынатарам папскіх падарожжаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інфармацыю пра прызначэнне мексіканскага святара, які служыць у дыпламатычных структурах Святога Пасада, праз акаўнт Дзяржсакратарыята ў сацыяльнай сетцы “X” паведаміў субстытут па агульных справах, арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара.

Спецыяліст з дыпламатычным досведам

Мансеньёр Хасэ Наўм Хаіра Салас Кастаньеда нарадзіўся 11 ліпеня 1978 года ў Санта-Клара ў штаце Дуранга (Мексіка). Святарскае пасвячэнне прыняў 4 снежня 2008 года, інкардзінаваўшыся ў архідыяцэзію Дуранга. Скончыў навучанне ў галіне кананічнага права ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме.

Пасля паступлення на дыпламатычную службу Святога Пасада 1 ліпеня 2013 года працаваў у папскіх прадстаўніцтвах у Бурундзі (2013-2016), Іраку (2016-2019) і Венгрыі (2019-2023), прымаючы ўдзел у арганізацыі двух апостальскіх падарожжаў Папы Францішка ў верасні 2021 года – з нагоды 52-га Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэса – і ў красавіку 2023 года.

З 1 ліпеня 2023 года з'яўляецца супрацоўнікам Секцыі па агульных справах Дзяржсакратарыята, дзе таксама выконваў функцыю кіраўніка Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Касцёла, займаючыся “Annuario Pontificio” і яго будучай дыгіталізацыяй.

Першыя задачы і будучыя візіты

Першая важная задача новага каардынатара – падрыхтоўка візіту Папы ў Нікею (сучасны Ізнік у Турцыі) з нагоды 1700-годдзя аднайменнага Сабора. Падарожжа, якое, верагодна: адбудзецца ў канцы лістапада, магчыма, уключыць таксама наведванне Анкары і Стамбула.

Гісторыя каардынатараў папскіх падарожжаў

Кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад з Індыі быў адказны за папскія падарожжы з 2021 года. Перад ім на працягу некалькіх месяцаў падарожжамі займаўся ксёндз Д'едонэ Датону з Беніну, які затым быў прызначаны Папам Францішкам арцыбіскупам і нунцыем у Бурундзі. Яшчэ раней, у 2016-2020 гадах, арганізатарам папскіх падарожжаў быў калумбіец ксёндз прэлат Маўрысіа Руэда Бельц, цяпер таксама арцыбіскуп і нунцый у Кот-д'Івуары.

Падчас пантыфікату Яна Паўла II шматгадовым арганізатарам папскіх падарожжаў быў пазнейшы кардынал Раберта Тучы (памёр у 2015 годзе). Ён займаўся арганізацыяй усіх замежных пілігрымак Яна Паўла II і асабіста суправаджаў Папу ва ўсіх яго візітах за межы Італіі да 2001 года, за выключэннем толькі двух паездак: у Францыю (1980) і ў Аўстрыю (1983). Пасля яго, з 2001 да 2016 года, арганізацыяй папскіх падарожжаў займаўся свецкі, італьянец Альберта Гасбары, які быў шматгадовым супрацоўнікам Тучы і адміністрацыйным дырэктарам Ватыканскага радыё. Гасбары арганізоўваў падарожжы трох Пантыфікаў – Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і Францішка.
 

22 чэрвеня 2025, 11:30