Ватыкан: эксперты абмеркавалі пытанні этыкі ШІ
Vatican News
Падзея адбылася 12 чэрвеня 2025 года ў Casina Pio IV, сядзібе Папскай акадэміі сацыяльных навук, з удзелам каля пяцідзесяці прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, акадэмічных колаў, інвестараў, а таксама дзеячаў мастацтва з Італіі і іншых краін. У цэнтры ўвагі была тэма этычнага развіцця і выкарыстання штучнага інтэлекту з улікам годнасці чалавека.
Удзельнікі форуму выказалі занепакоенасць тым, што інавацыі, якія не паважаюць годнасць чалавека, могуць пагражаць нашай будучыні, паглыбляць няроўнасць, шкодзіць навакольнаму асяроддзю і працы. Гаворка ішла пра неабходнасць захавання балансу паміж эканамічным ростам і сацыяльнай адказнасцю, а таксама пра стварэнне этычнай сістэмы ўніверсальных прынцыпаў, якая ставіць у цэнтр годнасць чалавека.
З дакладамі выступілі: кіраўніца дэпартамента лічбавых тэхналогій, сувязі і новых тэхналогій Міністэрства прадпрымальніцтва Італіі Ева Спіна, прафесар Браян Сміт з Бостанскага каледжа, Крысціна Нардэлі з Інстытута міжрэгіянальных даследаванняў злачыннасці і правасуддзя UNICRI, Джузэпэ Раа, прадстаўнік прэзідыума Савета Міністраў Італіі, прадстаўніца праўлення кампаніі Trenitalia Федэрыка Дзанэла і мастацкі дзеяч і спявак Джавані Какама.
Асобнае месца ў дыскусіі занялі разважанні над вучэннем Папы Францішка, які неаднаразова казаў пра неабходнасць этычнага развіцця алгарытмаў, падкрэсліваючы, што штучны інтэлект павінен заставацца інструментам у руках чалавека.
Новаабраны Пантыфік, які выбраў імя ў гонар Льва XIII, аўтара энцыклікі “Rerum novarum”, таксама падкрэслівае важнасць годнасці, працы і справядлівасці ў эпоху новых тэхналагічных выклікаў. Як некалі “Rerum novarum” адказвала на праблемы першай прамысловай рэвалюцыі, сёння Касцёл прапануе сваё сацыяльнае вучэнне для адказу на выклікі сучасных тэхналогій і штучнага інтэлекту.