У Ватыкане прадставілі праект экалагічнай мадэрнізацыі базілікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр базілікі, нагадаў, што Святы Пасад ужо шмат гадоў ідзе шляхам устойлівага развіцця, кіруючыся прынцыпамі экалагічнай адказнасці, выкладзенымі ў энцыкліцы Францішка "Laudato Sì", адгартацыі "Laudate Deum" і энцыкліцы "Fratelli Tutti".
У межах стратэгіі “Экалагічнае навяртанне – 2030” Ватыкан імкнецца да кліматычнай нейтральнасці. Гэта ахоплівае рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, павышэнне энергаэфектыўнасці, пераход да ўстойлівых сродкаў транспарту, выкарыстанне чыстых альтэрнатыўных крыніц энергіі, перапрацоўку адходаў і праекты па пасадцы дрэваў.
Праект экалагічнага пераўтварэння Базілікі Святога Пятра вылучаецца сваёй складанасцю – як архітэктурнай, так і арганізацыйнай. Улічваючы маштаб працы, для яго рэалізацыі быў створаны спецыяльны міждысцыплінарны Навуковы камітэт высокага ўзроўню. Яго ўзначаліў прафесар Вальтэр Ганапіні, у склад увайшлі навукоўцы, тэхнікі, супрацоўнікі Фабрыкі Святога Пятра.
Прафесар Ганапіні прадставіў навуковы камітэт і яго агульны падыход да пераўтварэння ватыканскай базілікі ў аб’ект з нулявымі выкідамі. Ён распавёў пра распрацоўку сістэмы маніторынгу якасці паветра ў закрытым памяшканні базілікі з выкарыстаннем датчыкаў шкодных рэчываў. Сістэма накіравана на зніжэнне рызыкі для здароўя наведвальнікаў сабора і захаванне яго культурнай спадчыны.
Прафесар Нікало Астэ з Міланскага палітэхнічнага ўніверсітэта прадставіў мадэлі дэкарбанізацыі базілікі і іншых памяшканняў, такіх як Палац дэла каноніка і майстэрня мазаікі. Сярод прапанаваных рашэнняў скарачэння выкідаў CO₂ у атмасферу: святлодыёднае асвятленне бакавых нефаў, натуральная вентыляцыя і летняе начное астуджэнне, замена ацяпляльных радыятарных сістэм на waterloop-тэрміналы і выкарыстанне цеплавых помпаў. Было падлічана, што такія змены дазволяць знізіць бягучае спажыванне энергіі да 57%, а выкідаў CO₂ да 72%.
На прэс-канферэнцыі былі прадстаўлены таксама вынікі даследавання выкарыстання водных і энергетычных рэсурсаў, праведзенага кампаніяй ENEA у Ватыкане ў 2023 годзе. Былі прапанаваны практычныя рашэнні таго, як аптымальна і больш эканомна выкарыстоўваць рэсурсы, каб не шкодзіць прыродзе. Праект паказвае, што нават у гістарычным і культурным кантэксце, такіх як храмы і музеі, можна рэалізоўваць сучасныя экалагічныя рашэнні.
Напрыканцы канферэнцыі прафесар Дэ Джэнары паведаміў пра яшчэ адзін даследчы праект, які праводзіўся ў Базіліцы Святога Пятра. Даследавалася якасць паветра святыні, якую наведвае вялікая колькасць людзей, у сярэднім 45 тысяч чалавек у дзень. У 2023 годзе там былі ўсталяваныя спецыяльныя недарагія прылады, якія ў рэжыме рэальнага часу вымяраюць колькасць пылу, шкодных газаў, вуглякіслага газу і іншыя параметры. Высветлілася, што, дзякуючы вялікаму аб'ёму прасторы і выдатнай натуральнай вентыляцыі, паветра ў базіліцы застаецца адносна чыстым нават тады, калі ў ёй збіраецца шмат людзей.