MAP

Кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса Кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса 

Кардынал Мендонса: спартсмены пакліканы быць місіянерамі надзеі

Галоўныя падзеі Юбілею спорту, які пройдзе 14-15 чэрвеня 2025 года, прадставіў падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы вельмі спадзяёмся, што гэты Юбілей спорту зможа абудзіць у спартсменах і шырокай зацікаўленай публіцы ўсведамленне таго, што і яны з’яўляюцца місіянерамі надзеі”, - падкрэсліў іерарх.

Кардынал Мендонса паведаміў, што ў суботу, 14 чэрвеня, на Плошчы Святога Пятра адбудзецца спецыяльная юбілейная аўдыенцыя, падчас якой Папа Леў XIV прамовіць катэхезу. Затым у Папскім патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” пройдзе міжнародны кангрэс “Імпульс надзеі” з удзелам некаторых выбітных спартсменаў.

“Праз узаемнае слуханне мы хочам пачуць галасы тых, хто непасрэдна займаецца спортам, а таксама тых, хто працуе ў душпастырстве спартсменаў. Мэта сустрэчы – распазнаць шляхі, якімі трэба ісці, каб спорт усё больш станавіўся знакам надзеі для ўсіх”, - адзначыў прэфект.

Падчас кангрэсу будуць падведзены вынікі моладзевага фотаконкурсу “Sport in Motion”, які праводзіла Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі. Пераможцам уручаць прызы ў пяці катэгорыях: спорт і сям’я, спорт і інваліднасць, спорт і палітыка, спорт і экалогія, спорт і надзея.

У другой палове дня ўсе спартсмены і аматары спорту будуць запрошаны здзейсніць супольны праход праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра. Пілігрымка пачнецца малітвай на рымскай П’яца Пія і будзе суправаджацца спевамі экуменічнай Супольнасці з Тэзэ. У ёй возьме ўдзел старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.

Часткай культурнай праграмы Юбілею стане адкрыты паказ кінастужкі Х’ю Хадсана “Вогненныя калясніцы”, які адбудзецца ўвечары на рымскай плошчы Сан-Казымата ў раёне Трастэверэ. “Гэты фільм мае і сёння што сказаць нам”, - падкрэсліў кардынал Жазэ дэ Мендонса.

Кульмінацыйнай падзеяй Юбілею спорту стане святая Імша, якую Папа Леў XIV узначаліць раніцай 15 чэрвеня на галоўнай ватыканскай плошчы.
 

11 чэрвеня 2025, 12:32