MAP

Сапёры ліквідуюць неразарваныя боепрыпасы ў раёне Ідліба (Сірыя). Ілюстрацыйнае фота Сапёры ліквідуюць неразарваныя боепрыпасы ў раёне Ідліба (Сірыя). Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад заклікаў краіны забараніць супрацьпяхотныя міны

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе заклікаў краіны ратыфікаваць Канвенцыю па забароне супрацьпяхотных мін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

20 чэрвеня 2025 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у Міжсесійнай сустрэчы, прысвечанай Канвенцыі па забароне супрацьпяхотных мін, якая прайшла ў Жэневе. У сваёй прамове ён звярнуўся да краін свету з заклікам далучыцца да пагаднення, падкрэсліваючы важнасць раззбраення. Ён нагадаў, што Атаўскі дагавор, які ўступіў у сілу ў 1999 годзе, ужо спрыяў знішчэнню звыш 40 мільёнаў назапашаных мін, прадухіліўшы шмат ахвяр.

Ватыканскі дыпламат выказаў заклапочанасць тым, што некаторыя дзяржавы-ўдзельніцы плануюць выйсці з Канвенцыі. Ён заклікаў усе краіны далучыцца да гэтага "высокароднага прававога дакумента" і неадкладна рэалізаваць яго на практыцы. Згодна з ААН, супрацьпяхотныя міны працягваюць забіваць і калечыць людзей яшчэ доўгі час пасля завяршэння канфліктаў.

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што Атаўская канвенцыя ставіць чалавека ў цэнтр і дэманструе “выразную сувязь паміж раззбраеннем і развіццём”. Ён асудзіў велізарныя выдаткі на ўзбраенне, якія ў 2024 годзе перавысілі 2,7 трыльёна долараў, у той час як на сацыяльную дапамогу, харчовую бяспеку і садзейнічанне ўсебаковаму развіццю чалавека сродкаў выдзяляецца значна менш.

У завяршэнне прадстаўнік Святога Пасада заахвоціў усе краіны вярнуцца да дыялогу і карыстацца інструментамі дыпламатыі для прадухілення эскалацыі і дэстабілізацыі. "Святы Пасад зноў звяртаецца з заклікам прасоўваць культуру міру і жыцця і захоўваць цэласнасць Канвенцыі, застаючыся цалкам упэўненым у тым, што святасць чалавечага жыцця, а таксама неад'емная і недатыкальная годнасць чалавечай асобы, дадзеная Богам, будуць і надалей натхняць на яе ажыццяўленне", - заклікаў дыпламат.

23 чэрвеня 2025, 11:28