Святы Пасад у ААН: абараняць дзяцей у зонах канфліктаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ксёндз Марка Фарміка выступіў на адкрытых дэбатах Рады бяспекі ААН з заявай, прысвечанай праблеме дзяцей у зонах узброеных канфліктаў. Пасяджэнне прайшло ў Нью-Ёрку 26 чэрвеня 2025 года.
У сваім звароце ватыканскі дыпламат выказаў глыбокую занепакоенасць тым, што ваенныя канфлікты зноў актыўна выкарыстоўваюцца як сродак вырашэння спрэчак, пры гэтым найбольш безабароннымі ахвярамі становяцца дзеці.
Ксёндз Фарміка падкрэсліў, што дваццатая гадавіна прыняцця 1612-й Рэзалюцыі Савета Бяспекі дае добрую магчымасць для разважання і актывізацыі дзеянняў дзеля абароны дзяцей. Абарона нявінных людзей павінна пераважаць над усімі палітычнымі, ваеннымі ці стратэгічнымі інтарэсамі, - сцвердзіў ён, заклікаючы да тэрміновага вяртання на шлях дыялогу, дыпламатыі і міру.
Асаблівую трывогу Святога Пасада выклікае рост парушэнняў правоў дзяцей у зонах канфліктаў. Згодна з дакладам Генеральнага сакратара ААН, у 2024 годзе гэты рост склаў 25 працэнтаў. “Занадта шмат дзяцей падвяргаюцца вярбоўцы, калецтвам, выкраданням і розным формам гвалту, многія трагічна гінуць. Такія дзеянні з’яўляюцца грубым зневажаннем чалавечай годнасці, дадзенай кожнаму чалавеку Богам, і бясспрэчным парушэннем права на жыццё”, - сцвердзіў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што асабліва трагічным з’яўляецца становішча дзяцей у густанаселеных зонах канфліктаў, дзе прымяненне выбуховых прылад наносіць масавую і неабгрунтаваную шкоду. “Асаблівую трывогу выклікае той факт, што месцы, якія павінны быць недатыкальнымі – школы, шпіталі, храмы – усё часцей падвяргаюцца нападам. Замест таго, каб спрыяць адукацыі, лячэнню і духоўнаму суцяшэнню, яны ператвараюцца ў месцы спусташэння і страху. Выбуховая зброя не толькі забірае жыцці, але і наносіць глыбокія псіхалагічныя і эмацыйныя траўмы.
У святле настойлівай неабходнасці абароны жыцця і годнасці дзяцей, закранутых узброенымі канфліктамі, ватыканская дэлегацыя выказала тры ключавыя думкі.
Па-першае, ні ў якім разе нельга перашкаджаць дастаўцы гуманітарнай дапамогі: ежы, вады і медыкаментаў. Такія перашкоды з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.
Па-другое, неабходна спыніць выкарыстанне, вытворчасць і назапашванне зброі невыбарчага дзеяння, асабліва ў населеных пунктах. У сувязі з гэтым Святы Пасад зноў заклікаў дзяржавы-члены далучыцца да дамоў і канвенцый па забароне выбуховай зброі.
Па-трэцяе, Савет бяспекі павінен больш эфектыўна выкарыстоўваць усе існуючыя механізмы для абароны дзяцей у зонах канфліктаў. Гэта праблема павінна заставацца адным з асноўных прыярытэтаў ААН, - адзначыў ксёндз Фарміка.
Напрыканцы заявы прадстаўнік Святога Пасада рашуча асудзіў тэрарыстычны напад на грэка-праваслаўную царкву святога Іллі ў Дамаску, які адбыўся 22 чэрвеня 2025 года. Ён заклікаў Раду бяспекі звярнуць увагу на пераслед хрысціян і прыняць меры супраць хрысціянафобіі.