MAP

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Этарэ Балестрэра Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Этарэ Балестрэра 

Святы Пасад: свабода слова – аснова справядлівых выбараў

Толькі добра інфармаваныя грамадзяне здольныя рабіць сапраўды свабодны выбар, асабліва падчас выбараў, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у інтэрактыўным дыялогу ў рамках 59-й сесіі Савета па правах чалавека на тэму свабоды слова і выбараў у эпоху лічбавых тэхналогій, які 19 чэрвеня 2025 года прайшоў у Жэневе. Ён падкрэсліў вырашальнае значэнне права на свабоду выказвання, якое дазваляе людзям свабодна дзяліцца сваімі думкамі, шукаць і атрымліваць інфармацыю, прымаць інфармаваныя рашэнні, асабліва падчас выбараў. Як адзначыў на сустрэчы з журналістамі Папа Леў XIV, толькі добра інфармаваныя людзі здольныя рабіць сапраўды свабодны выбар. Удзел у палітычным жыцці – гэта адна з найвышэйшых праяў любові да бліжняга, бо яна служыць агульнаму дабру, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.

Выкарыстанне лічбавых тэхналогій і сацыяльных сетак стварае новыя магчымасці для выказвання поглядаў і ўдзелу ў палітычнай дыскусіі. Аднак новыя тэхналогіі таксама нясуць і рызыкі, пра якія папярэдзіў іерарх.

Па-першае, з таго, што лічбавыя тэхналогіі павялічваюць магчымасці абмену і распаўсюджвання ідэй, не вынікае, што яны спрыяюць свабодзе і дэмакратыі для ўсіх. Свабода выказвання патрабуе павагі да годнасці кожнага чалавека і павінна спрыяць агульнаму дабру, - нагадаў арцыбіскуп Балестрэра.

Па-другое, права на свабоду слова накладае адказнасць на ўсіх, хто ім карыстаецца, а не толькі на работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Свабода слова патрабуе праніклівасці, крытычнага мыслення і адказнасці за інфармацыю, якой людзі дзеляцца ў лічбавым асяроддзі, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Па-трэцяе, важна, каб лічбавая прастора заставалася адкрытай для ўсіх меркаванняў, у тым ліку рэлігійных і маральных. Рэлігійныя погляды з'яўляюцца важным элементам дэмакратычнага дыскурсу, але сёння назіраецца тэндэнцыя да маргіналізацыі хрысціянскіх і іншых рэлігійных поглядаў, нават у краінах, якія лічаць сябе ўзорамі талерантнасці, - папярэдзіў ватыканскі дыпламат.

Нарэшце, у сучасным свеце існуе настойлівая неабходнасць аднавіць прыхільнасць да ісціны. Бо толькі празрыстая і заснаваная на фактах інфармацыя можа забяспечыць справядлівыя і легітымныя выбарчыя працэсы і даць магчымасць больш рашуча супрацьстаяць выклікам нашага часу, - адзначыў арцыбіскуп Балестрэра.

23 чэрвеня 2025, 13:50