Святы Пасад: перанакіраваць ваенныя выдаткі на барацьбу з галечай
Марыя Валодзіна - Vatican News
Айцец Марка Фарміка прыняў удзел у адкрытых дэбатах Савета бяспекі ААН па пытаннях узаемасувязі канфліктаў і беднасці, якія прайшлі ў Нью-Ёрку 23 чэрвеня 2025 года.
Па словах ватыканскага дыпламата, такія з’явы, як галеча і канфлікты часта ўзаемна падсілкоўваюць адна адну, ствараючы сур'ёзныя перашкоды на шляху падтрымання міжнароднага міру і бяспекі. Ён нагадаў пра абавязак па выкараненню беднасці ва ўсіх яе формах і праявах, які ўзяла на сябе міжнародная супольнасць, прыняўшы Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Гэты абавязак падкрэслівае тэрміновую маральную адказнасць за ліквідацыю карэнных прычын беднасці, якія часта звязаны з несправядлівасцю, сацыяльнай ізаляцыяй і адмовай у асноўных правах.
Айцец Фарміка працытаваў прароцкія словы Папы Паўла VI аб тым, што “развіццё – гэта новае імя міру”. Гэтая думка нагадвае аб тым, што мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але і актыўнае садзейнічанне чалавечаму братэрству, супрацоўніцтву і агульнаму росквіту. Такім чынам, усебаковае развіццё чалавека з’яўляецца не толькі маральным абавязкам усяго чалавецтва, але і канкрэтным шляхам да міру.
У сувязі з гэтым прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую заклапочанасць ростам ваенных выдаткаў, якія адцягваюць значныя рэсурсы ад інвестыцый у такія важныя сферы, як ахова здароўя, адукацыя і інфраструктура. Ён нагадаў пра прапанову Святога Пасада аб стварэнні глабальнага фонду, які часткова фінансаваўся б за кошт перанакіравання сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ўзбраенне. Гэты фонд мог бы зрабіць істотны ўнёсак у выкараненне беднасці і голаду.
“Трывалага міру нельга дасягнуць без прыхільнасці ўсебаковаму развіццю чалавека, без павагі да годнасці, дадзенай Богам, і стварэння ўмоў для справядлівасці, салідарнасці і росквіту ўсіх. У сувязі з гэтым Святы Пасад падкрэслівае важнасць надання цэнтральнага месца ўсебаковаму развіццю чалавека пры далейшым пераглядзе архітэктуры мірабудаўніцтва і заклікае да ўмацавання супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-членамі на службе міру”, - завяршыў свой зварот ватыканскі назіральнік у ААН.