Серыял "The Chosen" адзначыць прэм'еру новага сезона ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У рымскай сядзібе Дыкастэрыі па камунікацыі на плошчы Піа, 3 адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам акцёраў і стваральнікаў серыяла "Выбраныя" ("The Chosen"). Яны прадставяць новы сезон, міжнародная прэм'ера якога адбудзецца ў ліпені 2025 года, а таксама абмяркуюць падрыхтоўку двух поўнаметражных фільмаў пра Укрыжаванне і Уваскрашэнне Езуса. Сцэны Укрыжавання зараз здымаюцца ў італьянскім горадзе Матэра.
Серыял, які глядзяць больш за 30% няверуючых па ўсім свеце
На прэс-канферэнцыі творчая група раскажа аб асаблівасцях вытворчасці серыяла і прычынах яго міжнароднай папулярнасці на пяці кантынентах. Адметна, што серыял "Выбраныя" глядзяць больш за 30% няверуючых па ўсім свеце.
Ватыканская прэм'ера 4-га эпізоду 5-га сезона адбудзецца ў той жа дзень у гістарычнай Ватыканскай фільматэцы. Эпізод, які мае назву "Тая ж манета", уключае ў сябе адну з самых кранальных сцэн за ўсю гісторыю серыяла. У ёй паказваецца, як жанчыны-вучаніцы Езуса ўдзельнічаюць у апошняй вячэры, падчас якой выконваюць традыцыйную габрэйскую пасхальную песню "дэяну". Гэты эпізод разам з усім 5-ым сезонам будзе даступны італьянскай аўдыторыі ўжо ў ліпені 2025 года.
Джанатан Румі падорыць Папу Льву XIV асаблівы падарунак
Акрамя таго, Джанатан Румі, які выконвае ролю Езуса, падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду прэзентуе падарунак ад творчага калектыву серыяла "Выбраныя" Папу Льву XIV. Раней Джанатан двойчы сустракаўся з Папам Францішкам падчас яго пантыфікату.
У прэс-канферэнцыі прымуць удзел стваральнік і рэжысёр серыяла Далас Джэнкінс, а таксама акцёры Джанатан Румі (Езус), Элізабет Табіш (Марыя Магдалена), Джордж Ксантыс (Ян) і Ванэса Бенавентэ (Марыя).