Папа зацвердзіў дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Першы дэкрэт датычыўся прызнання цуду, які адбыўся праз заступніцтва іспанскага дыяцэзіяльнага святара Сальвадора Валера Пара (1816–1889), жыццё і служэнне якога былі звязаныя з невялікім мястэчкам Уеркаль-Авера.
Два наступныя – прызнання мучаніцтва святароў з дыяцэзіі Хаэн, забітых з нянавісці да веры ў розных частках Іспаніі ў перыяд з 1936 па 1938 год у кантэксце Грамадзянскай вайны. Гаворка ідзе пра ксяндза Мануэля Іск’ерду і 58 яго паплечнікаў, а таксама ксяндза Антоніа Монтаньеса Чыкеру і 64 яго паплечнікаў.
Яшчэ адзін дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва датычыцца французскіх мучанікаў, якія загінулі падчас нацысцкага пераследу. Гаворка ідзе пра дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Раймона Кайрэ, францішканіна Жэрара Мартэна Сандр’е, семінарыста Ражэ Вале, свецкага верніка Жана Местрэ і 46 іх паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры ў 1944-1945 гадах.
Папа таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў Рафаэле Менэлы, італьянскага семінарыста з Кангрэгацыі Місіянераў Святых Сэрцаў (1877-1898); бразільскага пастаяннага дыякана Жуана Луіса Пузабона (1904-1985); італьянскай законніцы Тэрэзы Тамбэлі (свецкае імя – Марыя Ольга, 1884–1964) з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля; і італьянскай свецкай верніцы Анны Фульджыды Барталачэлі (1928–1993).