MAP

Леў XIV з прадстаўнікамі Нацыянальнага італа-амерыканскага фонду Леў XIV з прадстаўнікамі Нацыянальнага італа-амерыканскага фонду   (@Vatican Media)

Папа дзякуе італа-амерыканцам за захаванне каталіцкіх традыцый

4 чэрвеня 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане праўленне Нацыянальнага італа-амерыканскага фонду з нагоды 50-годдзя арганізацыі. Падчас сустрэчы Пантыфік падкрэсліў ролю Фонду ў захаванні сувязяў паміж Злучанымі Штатамі і Італіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец адзначыў асаблівую ролю каталіцкай веры для мільёнаў італьянскіх эмігрантаў, якія перасяліліся ў ЗША. "Адметнай рысай многіх, хто эміграваў у Злучаныя Штаты з Італіі, была іх каталіцкая вера з багатымі традыцыямі народнай пабожнасці і малітоўных практык, якія яны працягвалі здзяйсняць у новай краіне", - сказаў Папа.

У сваім звароце Леў XIV падкрэсліў, што візіт прадстаўнікоў Фонду ў Ватыкан адбываецца падчас Юбілейнага года, прысвечанага надзеі, якая "жыве як жаданне і чаканне будучых дабротаў, нягледзячы на тое, што мы не ведаем, што прынясе будучыня".

Пантыфік высока ацаніў дзейнасць арганізацыі па адукацыі моладзі ў галіне італьянскай культуры і гісторыі, а таксама па прапанове стыпендый і іншай дабрачыннай дапамогі ў абедзвюх краінах.

"У эпоху, поўную выклікаў, няхай ваш час тут, у горадзе, адзначаным магіламі апосталаў Пятра і Паўла, а таксама многіх святых, якія ўмацоўвалі Касцёл на працягу складаных перыядаў гісторыі, абновіць ваша пачуццё надзеі і веры ў будучыню", - сказаў Папа, завяршаючы аўдыенцыю.

Нацыянальны італа-амерыканскі фонд з'яўляецца адной з найбуйнейшых арганізацый, якая прадстаўляе інтарэсы амерыканцаў італьянскага паходжання, колькасць якіх у ЗША складае дзясяткі мільёнаў.
 

04 чэрвеня 2025, 11:08