“Леў з Перу”: дакументальны фільм пра Папу выйшаў у Ватыкане
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Стужка даступная на каналах Vatican News у YouTube на англійскай, іспанскай і італьянскай мовах. Яна распавядае пра гады місіянерскай і пастырскай дзейнасці будучага Папы ў Перу – краіне, якая адыграла ключавую ролю ў яго духоўным і жыццёвым шляху.
Над стварэннем фільма працавалі журналісты Сальваторэ Чэрнуцыа, Феліпэ Эрэра-Эспаліят і Хаймэ Віскайна Ара. Яны наведалі мясціны, звязаныя з місіянерскім і біскупскім служэннем Роберта Прэвоста, і запісалі сведчанні людзей, у жыцці якіх ён пакінуў глыбокі след.
Стужка паказвае перуанскія гарады, мястэчкі і вёскі, якія захоўваюць памяць пра святыя Імшы, што цэлебраваў будучы Папа, яго казанні, катэхезы, сацыяльную дапамогу і гераічную прысутнасць сярод людзей падчас паводак і пандэміі каронавіруса. Сведчаннямі дзеляцца біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
Перу застаецца ў сэрцы Роберта Прэвоста і сёння. Пра гэту краіну ён згадаў ужо ў першым звароце пасля абрання Папам, а ў Ватыкане рэгулярна сустракаецца з перуанскімі вернікамі. З гэтай лацінаамерыканскай краіны паходзяць яго асабісты сакратар і нават кухар.