MAP

Ватыканская абсерваторыя ў Кастэль Гандольфа Ватыканская абсерваторыя ў Кастэль Гандольфа  (H. Raab)

Ватыканская абсерваторыя адкрыла Летнюю школу астраноміі

Ватыканская абсерваторыя распачала 19-ю Летнюю школу для 24 маладых астраномаў з 22 краін свету, прысвечаную вывучэнню адкрыццяў, зробленых з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Уэба за першыя тры гады яго працы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

1 чэрвеня 2025 года ў Кастэль Гандольфа стартавала Летняя школа Ватыканскай абсерваторыі (VOSS 2025). Праграма сканцэнтравана на тэме "Даследаванне Сусвету з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Уэба: першыя тры гады".

Доктар Эйічы Эгамі, старшыня Летняй школы і член навуковай каманды Блізкай інфрачырвонай камеры касмічнага тэлескопа Джэймса Уэба (JWST/NIRCam), падкрэсліў, што "такія рэвалюцыйныя праекты як тэлескоп Джэймса Уэба здараюцца толькі некалькі разоў у стагоддзе". Запушчаны на Каляды 2021 года, тэлескоп радыкальна змяніў разуменне касмічнай прасторы.

Праграма, разлічаная на ўвесь чэрвень, уключае лекцыі ад сусветных экспертаў, працу над уласнымі навуковымі праектамі і экскурсіі. Сярод выкладчыкаў – вядомыя ва ўсім свеце навукоўцы.

У сваім уступным слове доктар Эгамі, які сам быў студэнтам Летняй школы ў 1990 годзе, падкрэсліў, што асноўная мэта праграмы – не толькі абнаўленне ведаў удзельнікаў пра апошнія астранамічныя адкрыцці, але і стварэнне навуковай супольнасці сярод маладога пакалення астраномаў.

Заснаваная ў 1986 годзе Летняя школа з'яўляецца часткай місіі Ватыканскай абсерваторыі па развіцці астранамічных даследаванняў. За ўсю гісторыю праграмы тут прайшлі навучанне больш за 400 студэнтаў. Удзел у праграме бясплатны дзякуючы падтрымцы Фонду Ватыканскай абсерваторыі.
 

04 чэрвеня 2025, 10:53