MAP

Кардынал Марыё Дзэнары накладае палій Папу Льву XIV Кардынал Марыё Дзэнары накладае палій Папу Льву XIV  (AFP or licensors)

Леў XIV вяртае традыцыю накладання паліяў

29 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV накладзе паліі новым мітрапалітам. Гэтая традыцыя існавала і раней, пакуль Папа Францішак не ўнёс у яе некаторыя змены.

Ян Глінскі

Да 2014 года мітрапаліты атрымлівалі паліі – знакі сваёй годнасці – ад Святога Айца ў ватыканскай Базіліцы Святога Пятра ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта, у сваю чаргу, сімвалізавала адзінства мітрапалітаў вакол наступніка святога Пятра. Аднак у 2015 годзе Папа Францішак прыняў рашэнне толькі благаслаўляць і ўручаць паліі мітрапалітам. Згодна з яго рашэннем, здзяйсняць абрад накладання было даручана Апостальскім нунцыям у паасобных архідыяцэзіях. Гэта павінна было падкрэсліць лакальнае вымярэнне місіі кожнага мітрапаліта і ўмацаваць сувязь іерарха з мясцовым Касцёлам.

Сёлета 29 чэрвеня цырымонія адбудзецца ў сваёй першапачатковай форме ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Палій – сімвал пастырскага служэння ў Касцёле – належыць таксама Пантыфіку, які з’яўляецца мітрапалітам Рымскай касцёльнай правінцыі.

Палій уяўляе сабой доўгую круглую стужку з белай воўны з шасцю крыжамі, якія сімвалізуюць раны Хрыста: чырвоныя крыжы ў выпадку Папы, чорныя – для іншых мітрапалітаў. Палій мае таксама два канцы, якія спадаюць на спіну і грудзі. Воўна, што выкарыстоўваецца для пляцення паліяў, робіцца з поўсці двух ягнят, якіх Папы атрымліваюць у літургічны ўспамін святой Агнешкі (21 студзеня) у капліцы Урбана VIII у Ватыкане. Перад гэтым ягнят асвячаюць падчас Імшы ў рымскай базіліцы, названай у гонар святой мучаніцы Агнешкі.
 

13 чэрвеня 2025, 09:17