MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: каталіцкія школы ўважлівыя да рызыкаў прыродных бедстваў

“Школа – фундаментальнае месца для павышэння інфармаванасці пра рызыкі і падрыхтоўкі да дзеянняў падчас прыродных катастроф”, - заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у круглым стале на тэму “Бяспечныя школы сёння”, які праходзіў з 2 па 6 чэрвеня 2025 года ў Жэневе ў межах Глабальнай платформы па скарачэнні рызыкі катастроф.

Папскі дыпламат пазнаёміў прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці з дзейнасцю Каталіцкага Касцёла ў гэтай сферы, прывёўшы ў прыклад каталіцкія адукацыйныя ўстановы на Філіпінах, якія ўвялі абавязковыя праграмы падрыхтоўкі на выпадак прыродных катастроф для дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і грамадства.

Арцыбіскуп адзначыў, што школы павінны таксама навучаць адказным адносінам да навакольнага асяроддзя і быць месцамі, дзе людзі могуць знайсці падтрымку і рэсурсы ў выніку прыродных бедстваў.

“Каталіцкія ўстановы часта адыгрываюць вырашальную і незаменную ролю ў рэагаванні на катастрофы, бо забяспечваюць пацярпелыя супольнасці неабходнымі рэчамі, такімі як ежа, вада, прытулак і лекі”, - сказаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі, прывёўшы прыклад дзейнасці некаторых школ на амерыканскім кантыненце, дзе пасля ўраганаў дапамогу атрымалі тысячы сем’яў.

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу таксама на важнасць духоўнай падтрымкі, якую людзі, што страцілі блізкіх або маёмасць у выніку катастроф, могуць знайсці ў каталіцкіх навучальных установах.
 

07 чэрвеня 2025, 12:29