Кардынал Паралін: Святы Пасад за мірнае ядзернае раззбраенне
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 чэрвеня 2025 года кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння айца Арэстэ Бэнці, заснавальніка супольнасці Папы Яна ХХІІІ. Сустрэча пад назвай “Дон Арэстэ Бэнці: будаўнік мастоў дзеля глабальнай справядлівасці і салідарнасці" прайшла ў гістарычнай Віле Мадама з удзелам віцэ-прэм'ера і міністра замежных спраў Італіі Антоніа Таяні.
Адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах мерапрыемства, Дзяржсакратар пацвердзіў тэрміновую неабходнасць ядзернага раззбраення. "Мы вельмі спадзяемся і як Святы Пасад працуем на перадавой ядзернага раззбраення. Мы ўжо прапанавалі і, фактычна, ужо было заключана пагадненне аб амаральнасці валодання ядзернай зброяй, а не толькі яго выкарыстання", - адзначыў кардынал Паралін. Ён падкрэсліў, што раззбраенне павінна адбывацца мірным чынам, шляхам дыялогу і перамоў.
Пытанне эўтаназіі
У размове з журналістамі была закранута яшчэ адна не менш вострая тэма – канец жыцця. У Італіі абмяркоўваецца сітуацыя цалкам паралізаванай жанчыны, якая звярнулася да свайго ўрача з просьбай увесці ёй смяротны прэпарат, бо сама яна не ў стане зрабіць гэта. Справа чакае рашэння Канстытуцыйнага суда.
Кардынал Паралін выказаў "глыбокую заклапочанасць" гэтай праблемай, нагадаўшы, што італьянская Канстытуцыя выступае за абарону жыцця і “гэта павінна быць пацверджана ўсімі спосабамі". Іерарх падкрэсліў, што “ў дачыненні да рэгулявання праблемы канца жыцця існуе вельмі шмат прапаноў”. “Мы спадзяемся, што любая прапанова, любое рашэнне, якое можа быць прынята, абароніць чалавечую годнасць", - дадаў ён.