MAP

Леў XIV размаўляе з кардыналам П'етра Патарлінам Леў XIV размаўляе з кардыналам П'етра Патарлінам  (AFP or licensors)

Кардынал Паралін: нунцый – носьбіт дыпламатыі Евангелля

Нунцый – гэта мост паміж Наступнікам Пятра і мясцовымі Касцёламі, паміж Касцёлам і дзяржавамі, паміж ранамі свету і надзеяй Евангелля, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін з нагоды сустрэчы папскіх прадстаўнікоў, якая 9 чэрвеня 2025 года пачалася ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Юбілей дае магчымасць, у тым ліку папскім прадстаўнікам, перажыць момант адзінства. Жыццё кожнага з іх – гэта няспыннае “пілігрымаванне”, без магчымасці глыбока пусціць карані ў адной рэчаіснасці. Гэтае жыццё – у дарозе, але не ў адзіноце. Юбілей нагадвае мне вобраз сям’і, якая, хоць і рассеяная па ўсім свеце, адчувае еднасць і збіраецца ў Рыме, каб быць разам вакол Папы”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю “Vatican News”.

Нунцый натхняецца евангельскім бачаннем свету

Гаворачы пра служэнне нунцыяў, Дзяржсакратар заўважыў, што папскі прадстаўнік найперш з’яўляецца мостам паміж Вікарыем Хрыста і супольнасцямі, да якіх яго паслалі, і адначасова падтрымлівае жывую сувязь мясцовых Касцёлаў з Апостальскай Сталіцай.

Нунцыі прадстаўляюць Папу пры нацыянальных урадах і міжнародных арганізацыях, а іх дыпламатычная роля заключаецца ў тым, каб “весці дыялог з уладамі, працаваць дзеля пераадолення падзелаў, спрыяць міру, справядлівасці і рэлігійнай свабодзе – не пераследуючы вузкія інтарэсы, а натхняючыся евангельскім бачаннем свету і міжнародных адносін”.

Мост паміж ранамі свету і надзеяй Евангелля

Служэнне нунцыяў, аднак, “не можа абмяжоўвацца халоднай інстытуцыйнай функцыяй – яно павінна быць прасякнута сапраўднай пастырскай прысутнасцю”. “Апостальскі нунцый – гэта перш за ўсё чалавек Касцёла, пастыр, які павінен браць за прыклад Хрыста – Добрaга Пастыра”, - падкрэсліў ён. Гэта прадугледжвае “блізкасць да біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і супольнасцяў, якім ён пакліканы служыць”: позірк нунцыя павінен быць у першую чаргу святарскім. “Так нунцый становіцца мостам паміж Наступнікам Пятра і мясцовымі Касцёламі, паміж Касцёлам і дзяржавамі, паміж ранамі свету і надзеяй Евангелля”, - дадаў Дзяржсакратар.

Тры рысы папскага прадстаўніка

Гаворачы пра найбольш істотныя якасці папскага прадстаўніка, асабліва ў цяперашні складаны гістарычны перыяд, кардынал Паралін назваў тры. Першая – пакора, якая вядзе да глыбокага даверу да Бога, нават у цяжкіх сітуацыях. Другая – евангельская руплівасць, бо “нунцый – гэта носьбіт дыпламатыі Евангелля”, а яго задача – несці святло Хрыста ў самыя аддаленыя куткі свету. Трэцяя – дух прымірэння, які выяўляецца ў падтрымцы дзеянняў Папы па будаўніцтве “больш справядлівага і мірнага свету”. “Сёння, калі свет пазначаны падзеламі, нунцый павінен быць чалавекам пасярэдніцтва і дыялогу”, -падкрэсліў кардынал П’етра Паралін.
 

10 чэрвеня 2025, 09:04