MAP

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Кардынал Паралін: ніводная вайна не з’яўляецца непазбежнай

Мір паміж дзяржавамі з’яўляецца “трывалым” толькі тады, калі ён заснаваны на трывалых падмурках міжнароднага права, павагі да справядлівасці і свабоды, а не на кволай раўнавазе, што падтрымліваецца зброяй, - нагадаў кардынал П'етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы даў вялікае інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Stampa”, у якім агучыў пазіцыю Святога Пасада па некаторых актуальных міжнародных пытаннях, пачынаючы з вайны ва Украіне.

Ніводны мір не з’яўляецца немагчымым

“Правал стамбульскага саміту не можа і не павінен стаць канцом намаганняў па спыненні вайны. Святы Пасад, верны сваёй мірнай місіі, зноў рашуча заклікае не паддавацца логіцы гвалту і фальшываму рэалізму, які прадстаўляе вайну як непазбежную. Ніводная вайна не з’яўляецца непазбежнай, ніводны мір не з’яўляецца немагчымым. Зброя можа і павінна змоўкнуць, каб саступіць месца надзеі на мір. Гэтага патрабуе Евангелле, і аб гэтым гучна просяць народы, якія пакутуюць”, - сказаў іерарх.

Трывалы мір заснаваны на падмурках міжнароднага права

Кардынал Паралін адказаў таксама на пытанне пра тое, што разумеецца пад “справядлівым і трывалым” мірам ва Украіне, да якога заклікаў Святы Айцец. “Гэта азначае перш за ўсё, што не існуе сапраўднага міру, калі ён з’яўляецца толькі вынікам навязанай згоды або ўзаемнага страху. Сапраўдны мір узнікае знутры – ён з’яўляецца плёнам глыбокага, паважлівага і сур’ёзнага дыялогу паміж бакамі. Нельга казаць пра сапраўдны мір, калі адна краіна адмаўляе існаванне іншай. Мір з’яўляецца “справядлівым”, калі ён прызнае і абараняе годнасць кожнага, без прыніжэнняў і без умоў, якія пакідаюць адкрытыя раны. І мір паміж дзяржавамі з’яўляецца “трывалым” толькі тады, калі ён заснаваны на трывалых падмурках міжнароднага права, павагі да справядлівасці і свабоды, а не на кволай раўнавазе, што падтрымліваецца зброяй”, - патлумачыў ватыканскі іерарх.

Пераўзбраенне не спрыяе ўзаемнаму даверу

Падчас інтэрв’ю закраналася таксама тэма адносін Святога Пасада да паскарэння гонкі ўзбраенняў у розных частках свету, у тым ліку ў Еўрапейскім Саюзе, і яе суадносін з правам на самаабарону. “Рост ваенных выдаткаў, які назіраўся ў апошнія гады і дынаміка якога паскорылася ў апошні час, сведчаць пра тое, што існуе моцнае ўспрыманне свету як няўстойлівага і фрагментаванага. Хаця імкненне кожнай краіны забяспечыць абарону свайго суверэнітэту і бяспекі з’яўляецца законным і неабходным, заўсёды варта задацца пытаннем, у якой ступені нарошчванне ваеннай магутнасці спрыяе росту даверу паміж народамі і ўнёску ў будаванне трывалага міру”, - сказаў кардынал.

Права на самаабарону не з’яўляецца абсалютным

Дзяржсакратар нагадаў таксама, што “права на самаабарону не з’яўляецца абсалютным”. “Яно павінна суправаджацца не толькі абавязкам мінімізаваць, а дзе магчыма – і ліквідаваць глыбінныя прычыны або пагрозу канфлікту, але і абавязкам абмежаваць ваенны патэнцыял да ўзроўню, неабходнага для бяспекі і законнай абароны. Залішняе назапашванне зброі, нават калі яно дазваляе дасягнуць часта жаданай стратэгічнай перавагі, не пазбаўлена рызыкі далейшага ўзмацнення гонкі ўзбраенняў, распальвання пачуцця пагрозы і страху перад іншым, а таксама спрыяння дэстабілізацыі, што можа прывесці да драматычнай сітуацыі для ўсіх”, - сцвердзіў іерарх.

Перамовы – адзіны эфектыўны шлях

Гаворачы пра канфлікт у Сектары Газа і адносіны Святога Пасада да дзеянняў ізраільскіх уладаў, кардынал Паралін нагадаў, што “як і ў выпадку з іншымі канфліктамі, Святы Пасад не падзяляе стратэгіі выкарыстання вайны для вырашэння праблем і, разам з большасцю міжнароднай супольнасці, заклікае да тэрміновага зняцця блакады гуманітарнай дапамогі”. Дзяржсакратар падкрэсліў эфектыўнасць шляху перамоў, дзякуючы якім нават у такім складаным кантэксце, атрымалася вызваліць больш за 140 заложнікаў. “Для Святога Пасаду гэтыя перамовы павінны быць уключаны ў больш шырокі палітычны працэс, з мэтай глабальнага вырашэння ізраільска-палестынскага пытання і стабілізацыі ўсяго Блізкага Усходу”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Святы Пасад на баку дыялогу

Паводле слоў кардынала Параліна, важнае значэнне для міра мелі таксама перамовы, якія прайшлі паміж лідарамі дзяржаў падчас нядаўніх візітаў у Ватыкан, з нагоды пахавання Папы Францішка і пачатку пантыфікату Папы Льва XIV. “Лічу, што гэта быў значны знак міжнароднага прызнання намаганняў Святога Пасаду ў справе міру. Гэтыя намаганні былі пацверджаныя ўжо ў першых словах Папы Льва XIV, якія прагучалі як сардэчны заклік будаваць масты разам. Мне здаецца, што міжнародная супольнасць успрыняла гэты заклік з цікавасцю, і дыялогі, што адбыліся ў наступныя дні, былі прысвечаныя менавіта неабходнасці спынення канфліктаў, прызнаючы за Святым Пасадам аўтарытэтную і надзейную ролю ў іх урэгуляванні”, - сказаў кардынал П’етра Паралін.

 

04 чэрвеня 2025, 12:01