Кардынал Кох: час аднавіць веру ў Хрыста ў экуменічным адзінстве
Ян Глінскі
Удзельнікі міжнароднага форуму сабраліся ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага “Angelicum”, дзе да 7 чэрвеня 2025 года яны будуць разважаць над пытаннем, як сінадальнасць і дыялог аб першынстве могуць спрыяць адзінству Касцёла.
Падчас адкрыцця канферэнцыі кардынал Курт Кох адзначыў, што 1700-годдзе Нікейскага Сабору, які Папа Леў XIV назваў паваротным момантам у гісторыі Касцёла, можа стаць па-сапраўднаму важнай экуменічнай падзеяй. Як дадаў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, гэта будзе магчыма пры ўмове, калі атрымаецца рашуча ісці ў кірунку паглыблення веры, адраджэння сінадальнага ладу жыцця і вяртання да агульнай даты святкавання Вялікадня.
У цэнтры ўвагі дэлегатаў – духавенства, прадстаўнікоў экуменічных арганізацый і навукоўцаў з асноўных хрысціянскіх традыцый – разважанні пра тое, як Нікейскі сабор можа стаць супольным фундаментам для хрысціянскага адзінства, як сумеснае святкаванне Вялікадня можа спрыяць прымірэнню паміж хрысціянамі.
Як нагадаў кардынал Кох, адзінства з Праваслаўнымі Цэрквамі было адным з галоўных прыярытэтаў Папы Францішка. Паводле спачылага Пантыфіка, экуменізм – гэта пытанне веры, а адзінства Касцёла аднаўляецца праз экуменічныя намаганні, мэта якіх – адзінства ў апостальскай веры. Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры, аднагалосна прыняты праваслаўнымі, католікамі і пратэстанцкімі хрысціянамі, з’яўляецца наймацнейшай экуменічнай сувяззю хрысціянскай веры. “Таму пажадана, – дадаў прэфект дыкастэрыі, – каб 1700-годдзе Нікейскага сабору адзначалася ўсім хрысціянствам у духу экуменізму, а яго хрысталагічны сімвал веры быў адноўлены ў экуменічным адзінстве”.
На думку кардынала Коха, у нашы дні, падобна як і ў IV стагоддзі, назіраецца адраджэнне арыянскіх тэндэнцый: многіх хрысціян прыцягвае гістарычная постаць Езуса з Назарэта, але існуюць цяжкасці з вызнаваннем таго, што Ён – адзінародны Сын Нябеснага Айца. “Вучыць бачыць Яго нанова ва ўсёй Яго велічы і прыгажосці, – дадаў ватыканскі іерарх, – гэта тэрміновая задача нашага часу, якая павінна выконвацца ў экуменічным адзінстве”.
Варта дадаць, што пытанне даты Вялікадня было найважнейшым пастырскім пытаннем Нікейскага сабору: яно разглядалася ў дваццаці канонах. Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству перакананы, што прынцыпова важна “не ствараць новых напружанняў або падзелаў унутры экуменічнай супольнасці”. Такім чынам, як патлумачыў іерарх, з’явілася б “больш пераканаўчае” сведчанне таго, што Вялікадзень – гэта не толькі найстарэйшае, але і цэнтральнае свята хрысціянства.