Клерыкі, біскупы і святары з усяго свету сустрэнуцца на Юбілеі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстае адкрыццё сусветнай сустрэчы семінарыстаў адбылося ў панядзелак, 23 чэрвеня, у 17.00 у Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі, дзе клерыкі супольна маліліся на ружанцы на лацінскай мове, а пасля паслухалі канцэрт Хору Рымскай Дыяцэзіі з Аркестрам "Fideles et amati" пад кіраўніцтвам святара і кампазітара Марка Фрызіны, які прапанаваў маладым людзям вакацыйнае апавяданне праз свой вядомы музычны рэпертуар.
Тры юбілейныя падзеі ў адным тыдні
Паводле прэс-рэлізу Святога Пасада ад 23 чэрвеня 2025 года, з 23 па 27 чэрвеня ў Рыме пройдуць тры юбілейныя падзеі, прысвечаныя семінарыстам, біскупам і святарам з усяго свету, якія аб'яднаюць больш за 6 тысяч чалавек.
Сёння, 24 чэрвеня 2025 года, юбілейная праграма для семінарыстаў працягваецца пілігрымкай да Святой Брамы ватыканскай базілікі, якая пачалася ў 8.00 раніцы. У 11.00 у тут прагучыць катэхеза Святога Айца, які ўпершыню сустрэнецца з семінарыстамі з усяго свету. Завершыцца Юбілей Семінарыстаў у 18.00 Эўхарыстычнымі цэлебрацыямі ў дзесяці касцёлах цэнтра Рыма, падзеленымі па моўных групах. Імшы ўзначаляць біскупы.
Біскупы і святары далучацца да юбілейных урачыстасцей
"25 чэрвеня ранкам пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя біскупам з каля 50 краін свету, сярод якіх Італія, Іспанія, Польшча, Партугалія, Аргенціна, Бразілія, Венесуэла, Злучаныя Штаты, Філіпіны," – паведамляецца ў прэс-рэлізе Святога Пасада.
У гэты дзень у 10.00 іерархі пачнуць сваю пілігрымку да Святой Брамы ватыканскай базілікі. Там, пасля Імшы ў 10.30, яны пачуюць катэхезу Святога Айца. Затым разам з біскупамі з усяго свету Леў XIV на магіле святога Пятра прамовіць Вызнанне веры.
Завяршэнне юбілейных урачыстасцей
У гэты самы дзень, 25 чэрвеня 2025 года, распачнецца і Юбілей Святароў. Біскупы правядуць катэхезы для духавенства з усяго свету у дванаццаці касцёлах цэнтра Рыма, дзе ўдзельнікі будуць падзелены паводле моўных груп.
26 чэрвеня 2025 года ўдзельнікі возьмуць удзел у Эўхарыстычнай цэлебрацыі, якую ўзначаліць прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю, у Базіліцы Святога Пятра.
"Юбілейная падзея завершыцца ў пятніцу, 27 чэрвеня 2025 года, Эўхарыстычнай цэлебрацыяй ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якую ўзначаліць Святы Айцец у ватыканскай базіліцы," - адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Падчас Святой Імшы, на якую будзе свабодны ўваход, Папа Леў XIV высвеціць 31 новага святара з розных частак свету, сярод якіх Італія, Індыя, Шры-Ланка, Румынія, Цэнтральная Афрыка, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Камерун, Ангола, В'етнам, Эфіопія, Танзанія, Гана, Нігерыя, Карэя, Мексіка, Уганда, Аўстралія, Харватыя, Славакія, Украіна.