MAP

Сядзіба Інстытута рэлігійных спраў Сядзіба Інстытута рэлігійных спраў   (© Vatican Media)

Інстытут рэлігійных спраў апублікаваў справаздачу за 2024 год

11 чэрвеня 2025 года Інстытут рэлігійных спраў (IOR) – адзіная ўстанова, упаўнаважаная ажыццяўляць фінансавую дзейнасць ад імя Святога Пасада – абнародаваў трынаццатую штогадовую фінансавую справаздачу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дакумент быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі бухгалтарскага ўліку (IAS/IFRS).

Згодна са справаздачай, чысты прыбытак у 2024 годзе склаў 32,8 мільёна еўра, што на 7% больш чым у 2023 годзе. Улічваючы стабільныя і надзейныя фінансавыя вынікі, Камісія кардыналаў ухваліла выплату Святому Айцу дывідэндаў у памеры 13,8 мільёна еўра на падтрымку рэлігійных і дабрачынных спраў Касцёла.

Інстытут абслугоўвае больш за 12 тысяч кліентаў, якія належаць да Каталіцкага Касцёла або служаць яму ў больш чым 110 краінах свету. Агульны аб'ём дэпазітаў IOR дасягнуў 5,7 мільярда еўра. У 2023 годзе гэты паказчык склаў 5,4 мільярда.

Чыстыя актывы склалі 731,9 мільёна еўра, што на 64,3 мільёна еўра больш, чым у 2023 годзе. У справаздачы адзначаецца, што рост чыстага прыбытку стаў магчымым дзякуючы станоўчаму ўплыву працэнтнай, камісійнай і пасярэдніцкай маржы, а таксама ўважліваму кантролю за выдаткамі.

Інстытут таксама ўзмацніў сваю нефінансавую дзейнасць: былі прыняты новыя спецыялісты, удасканалена лічбавая і ІТ-інфраструктура, палепшылася абслугоўванне кліентаў.

IOR застаецца адным з наймацнейшых фінансавых інстытутаў у свеце з пункту гледжання капіталу і ліквіднасці.

Аўдытарская кампанія Mazars Italia выдала станоўчае заключэнне адносна фінансавай справаздачы. 29 красавіка 2025 года дакумент быў аднагалосна прыняты Назіральнай радай IOR і перададзены на разгляд у Камісію кардыналаў.

12 чэрвеня 2025, 10:21