MAP

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці (у цэнтры) падчас візіту ў сірыйскі Дамаск Кардынал Клаўдыё Гуджэроці (у цэнтры) падчас візіту ў сірыйскі Дамаск 

Гуджэроці: замах у Дамаску – удар па ўсім хрысціянстве рэгіёна

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, кардынал Клаўдыё Гуджэроці, выказвае блізкасць Касцёла вернікам, якія пацярпелі ад замаху ў Дамаску: "Мы ўсе ахвяры".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Замах у Дамаску, які забраў жыцці 25 чалавек і пакінуў 63 параненых, вяртае Сірыю ў кантэкст вайны. Напад на грэка-праваслаўную царкву быў сімвалічным ударам у сэрца хрысціянскай супольнасці ў момант напружанасці паміж Усходам і Захадам.

"Такая разня хрысціян дзесяцікратна павялічыць іх выезд з краін Блізкага Усходу", - заявіў кардынал Гуджэроці ў размове з медыя Святога Пасада. Паводле яго слоў, тое, што ахвярай стала менавіта грэка-праваслаўная царква, магло быць проста зручнай нагодай. "Пацярпелі ўсе хрысціяне Сірыі і нават усяго Блізкага Усходу", - падкрэслівае ён.

"Тыя, хто застаецца ў рэгіёне, – сапраўдныя героі"

"Сітуацыя хрысціян на Блізкім Усходзе – крытычная", - сцвярджае кардынал, называючы героямі тых, хто застаецца ў сваіх краінах. - Кіраўнікі заходніх краін павінны зразумець, што праблема не ў хрысціянскай веры як догмаце, а ва ўсім, што звязана з прыналежнасцю да заходняй сферы".

"Мы сёння кажам: мы з вамі, мы – гэта вы"

"Хрысціяне Сірыі і Блізкага Усходу – частка нашай сям'і. Яны сілкуюцца тым жа Целам і Крывёю Пана, таму яны – плоць ад нашай плоці", - падкрэслівае прэфект. - Бог не пакіне свой народ, як ніколі не рабіў гэтага раней. Заўсёды было ўваскрасенне, і на гэты раз таксама будзе".

"Перад тварам таго, што адбылося, выказаць блізкасць – гэта занадта мала, - падсумоўвае кардынал Гуджэроці. - Мы сёння кажам: мы з вамі, мы – гэта вы. У той царкве ў Дамаску забілі і нас. Тут больш няма раскошы адрознівацца. Мы ўсе ахвяры".

Інтэрв'ю кардынала Гуджэроці СМІ Святога Пасада
25 чэрвеня 2025, 09:35