MAP

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (ANSA)

Грош святога Пятра: у 2024 годзе адзначаны рост ахвяраванняў

Ініцыятыва “Грош святога Пятра”, якая збірае ахвяраванні для падтрымкі апостальскай місіі і дабрачынных праектаў Святога Айца, апублікавала фінансавую справаздачу за 2024 год. Агульны даход склаў 58 мільёнаў еўра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паводле штогадовай справаздачы, апублікаванай 27 чэрвеня 2025 года, агульны даход ініцыятывы ў 2024 годзе склаў 58 мільёнаў еўра, што на 6 мільёнаў больш, чым у 2023 годзе.

Агульныя выдаткі фонду дасягнулі 75,4 мільёна еўра: з гэтай сумы 61,2 мільёна былі накіраваны на падтрымку дзейнасці Святога Пасада праз яго дыкастэрыі, а 13,3 мільёна на фінансаванне 239 дабрачынных праектаў Касцёла ў 66 краінах света. Сярод іх – будаўніцтва місіянерскага навучальнага цэнтра ў Сенегале, парафіяльнага касцёла ў Перу, інтэрната для дзяўчат у Тайландзе, сацыяльныя праекты ў Анголе, Беніне, Індыі, Кубе, Румыніі, Сірыі, дапамога Украіне, стыпендыі для святароў з краін на шляху развіцця, і іншыя ініцыятывы.

Праз рымскую курыю Папа дадаткова ахвяраваў яшчэ 37,3 мільёна еўра на дабрачынныя справы, з якіх 6,2 мільёна былі выдзелены з ініцыятывы “Грош святога Пятра”. Усяго на дабрачыннасць было накіравана 50,6 мільёна еўра.

Сярод ахвярадаўцаў асноўную частку склалі дыяцэзіі: 59% (31,8 мільёна еўра). Прыватныя асобы ахвяравалі 16% (8,9 мільёна еўра), фонды пералічылі 12,2 мільёна, а манаскія супольнасці – 1,4 мільёна еўра. Сярод краін лідзіруюць Злучаныя Штаты Амерыкі, якія ахвяравалі 25,2% ад агульнай сумы. За імі ідуць Францыя (15%), Італія (5,2%), Бразілія (3%), Германія (2,8%), Карэя, Мексіка, Ірландыя, Іспанія, Калумбія і іншыя краіны.

27 чэрвеня 2025, 14:11