Арцыбіскуп Руса: апостальскія нунцыі – паслы міру ў свеце канфліктаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кіраўнік дыпламатычнага корпуса Святога Пасада патлумачыў, што галоўная місія апостальскіх нунцыяў сёння – несці мір у свет, поўны канфліктаў, падзелаў і сацыяльных крызісаў. Папскі прадстаўнік павінен быць “чалавекам у міры і чалавекам міру”, сведкам Евангелля і служыцелем еднасці, якая паходзіць ад Хрыста. Леў XIV у сваёй першай прамове Urbi et Orbi падкрэсліў важнасць “бяззбройнага супакою і супакою, які абяззбройвае”. Менавіта гэты мір і пакліканы абвяшчаць нунцый нават ва ўмовах канфліктаў.
Дыпламатычны корпус Святога Пасада: лічбы, геаграфія і структура
Арцыбіскуп Руса распавёў, што на дыпламатычнай службе Святога Пасада працуюць 103 нунцыяў, уключаючы пастаянных назіральнікаў пры ААН у Нью-Ёрку і Жэневе, старшыню Папскай касцёльнай акадэміі і трох нунцыяў, якія па стане здароўя часова перапынілі выкананне абавязкаў.
Акрамя таго, у міжнародных арганізацыях у Рыме, Страсбургу, Парыжы, Вене і Вашынгтоне працуе 5 папскіх прадстаўнікоў без біскупскіх тытулаў і 3 пастаянныя павераныя ў Тайвані, Ганконгу і М’янме. Сем дыпламатычных прадстаўніцтваў застаюцца вакантнымі: Ірак, Албанія, Алжыр, Іспанія, Шры-Ланка, Уганда і Партугалія. Да іх дадаецца пастаянная місія пры Сусветнай турыстычнай арганізацыі. У некалькіх краінах, такіх як Нікарагуа, Судан і Гаіці, мясцовыя ўмовы на дадзены момант не дазваляюць прызначаць папскага прадстаўніка.
Сакратар Секцыі па справах дыпламатычнага персанала асабліва падкрэсліў ролю супрацоўнікаў нунцыятур: дарадцаў, сакратароў, памочнікаў. Гэта не проста кампетэнтныя службовыя асобы, а святары, якія адчулі пакліканне і прысвяцілі сваё жыццё служэнню Касцёлу. Без іх штодзённай самаадданасці праца папскіх прадстаўніцтваў была б немагчымай, - падзякаваў арцыбіскуп Руса.