MAP

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья  (ANSA)

"Вялікая пераемнасць": арцыбіскуп Палья пра новы пантыфікат

Старшыня-эмерыт Папскай акадэміі жыцця перакананы ў пераемнасці паміж Пантыфікамі. У інтэрв'ю для нямецкага каталіцкага партала katholisch.de 80-гадовы іерарх падкрэслівае неабходнасць развіцця глабальнай біяэтыкі і дыялогу з навукай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў Касцёла ў пытаннях этыкі арцыбіскуп Вінчэнца Палья, перакананы, што Папа Леў XIV будзе працягваць лінію свайго папярэдніка, Папы Францішка.

“Паміж пантыфікатамі існуе вялікая пераемнасць”

"Я быў вельмі эмацыйна ўзрушаны смерцю Папы Францішка, не толькі з прычыны адносін, якія вынікалі з маёй пасады, але таксама асабістых адносін, якія ён мне падарыў", - падзяліўся іерарх, які да нядаўняга часу ўзначальваў Папскую акадэмію жыцця і быў Вялікім канцлерам Папскага тэалагічнага інстытута Яна Паўла II.

Паводле яго слоў, Францішак заўсёды аказваў яму падтрымку на ўсіх этапах працы. "Я перакананы, што Леў XIV будзе працягваць візію Францішка. Паміж пантыфікатамі існуе вялікая пераемнасць. Касцёл заўсёды стаіць перад адным выклікам: абвяшчэннем Евангелля такім чынам, каб гэта адпавядала часам, у якіх мы жывём", - падкрэсліў арцыбіскуп.

“Сёння жыццёвыя выклікі з'яўляюцца глабальнымі і не датычацца толькі пачатку ці канца існавання”

Арцыбіскуп Палья, які кіраваў Папскай акадэміяй з 2016 па 2025 год, станоўча ацэньвае пашырэнне тэматычнага дыяпазону і плюралістычны падыход, які характарызаваў яго кіраванне. "Сёння жыццёвыя выклікі з'яўляюцца глабальнымі і не датычацца толькі пачатку ці канца існавання. Мы стаім перад абліччам войнаў, пандэмій, няроўнасці ў сістэмах сацыяльнага забеспячэння, а голад яшчэ не пераможаны", - адзначыў іерарх.

Ён неаднаразова выказваў свае погляды на такія пытанні, як аборт і эўтаназія, і крытыкаваў факт, што часта вылучаецца толькі адзін канкрэтны аспект аховы жыцця. Пашырэнне тэматычнага спектру акадэміі, падкрэсліў ён, ніколі не азначала адыходу ад першапачатковай місіі, устаноўленай Янам Паўлам II.

“Мы павінны ўступіць у дыялог. Папа Францішак казаў нам пра гэта шматразова”

Гаворачы пра перспектывы біяэтыкі, арцыбіскуп Палья падкрэсліў неабходнасць глабальнага падыходу. "Надышоў час, каб падумаць пра глабальныя выклікі: у нас ёсць толькі адна планета для жыцця, і мы павінны яе абараняць, каб пакінуць яе будучым пакаленням", - сказаў ён, дадаючы, што трэба разглядаць глабальную біяэтыку ў духу энцыклік "Laudato si'" і "Fratelli tutti".

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Палья надаў пытанню штучнага інтэлекту, падкрэсліваючы, што найбольш тэрміновай задачай Касцёла ў гэтай галіне з'яўляецца пацвярджэнне, што "чалавек павінен быць у цэнтры, а не машына, і не прыбытак некалькіх кампаній коштам развіцця, поўнага павагі".

“Развіццё прадуктаў у галіне штучнага інтэлекту павінна быць ад самага пачатку накіравана на агульнае дабро”

Арцыбіскуп падзяліўся прыкладам з 2019 года, калі пасля міжнароднага кангрэсу Папскай акадэміі жыцця па тэме "Рабаэтыкі" з ім звязаўся старшыня “Microsoft”, Брэд Сміт. У выніку гэтага з'явілася ініцыятыва "Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту" (Rome Call for AI Ethics), якая была запачаткавана ў 2020 годзе і падпісана “Microsoft”, “IBM” і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па харчаванні і сельскай гаспадарцы.

За пяць гадоў заклік быў падпісаны сотнямі ўніверсітэтаў у Лацінскай Амерыцы, іншымі кампаніямі, такімі як “Cisco”, яўрэйскімі і мусульманскімі арганізацыямі, а таксама прадстаўнікамі азіяцкіх рэлігій.

Гаворачы пра дыялог з іншымі навуковымі дысцыплінамі, арцыбіскуп Палья падкрэсліў, што няма абмежаванняў: "Мы павінны ўступіць у дыялог. Папа Францішак казаў нам пра гэта шматразова. Няма мяжы паміж навукай і верай. Ёсць толькі пастаянны дыялог".

“Евангелле застаецца нязменным, але часы змяняюцца”

Іерарх мае надзею на развіццё "новага гуманізму" без войнаў і канфліктаў. Ён выказаў спадзяванне на стварэнне саюза ўсіх дысцыплін, "новага "universitas scientiarum", з якога калісьці з'явіўся Рэнесанс".

Узгадваючы сваю працу ў апошнія гады, арцыбіскуп адзначыў кнігу "La Gioia della Vita" ("Радасць жыцця"), якая была апублікавана на італьянскай, французскай і іспанскай мовах. У ёй група тэолагаў акрэсліла глабальную канцэпцыю сучаснай тэалагічнай этыкі і падыходаў да этычных пытанняў "без гатовых адказаў, але ў духу пастаяннага пошуку".

"Евангелле застаецца нязменным, але часы змяняюцца, і мы павінны шукаць адказы на сённяшнія пытанні", - падсумаваў арцыбіскуп Вінчэнца Палья ў інтэрв'ю для katholisch.de.
 

04 чэрвеня 2025, 10:35