MAP

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: мір патрабуе не зброі, а перамены сэрцаў

Сучасныя канфлікты паказваюць: дыпламатыі, міжнароднай палітыкі, эканамічных пагадненняў і нават інстытуцыйных рамак недастаткова. Мір патрабуе маральнага бачання і перамены сэрцаў, - заўважыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у міжнародным форуме па бяспецы, палітыцы і глабальных выкліках Globsec 2025, які праходзіў у Празе (Чэхія) з 12 па 14 чэрвеня 2025 года.

“Наш свет апынуўся на раздарожжы. Вайна ва Украіне развеяла ілюзію, што мір у Еўропе з’яўляецца незваротным. Святая Зямля крывавіць. Сірыя, Емен, Сахель – занадта шмат месцаў застаюцца ў пастцы гвалту і адчаю”, - нагадаў прадстаўнік Папы.

Свет патрабуе маральнага бачання і перамены сэрцаў

Сучасныя канфлікты паказваюць: дыпламатыі, міжнароднай палітыкі, эканамічных пагадненняў і нават інстытуцыйных рамак недастаткова. “Мір патрабуе больш, чым проста кіравання; ён патрабуе маральнага бачання і перамены сэрцаў. Свет прагне не толькі спынення гвалту, але і аздараўлення памяці, аднаўлення адносін і вяртання надзеі. І тут рэлігія павінна ўступіць у дзеянне – не як суперніца дыпламатыі, палітыкі ці грамадскіх структур, а як іх душа”, - сказаў іерарх.

Мір нараджаецца не са зброі, а з любові

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што Папа Леў XIV пачаў свой пантыфікат словамі ўваскрослага Хрыста: “Супакой вам!”, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра мір бяззбройны і абяззбройваючы, пакорны і цярплівы. “Гэта прывітанне – простае, але глыбокае – перадае сутнасць бачання Святога Пасаду: мір не нараджаецца са зброі, не гарантуецца пагрозамі і стрымліваннем, але нараджаецца з любові, падтрымліваецца справядлівасцю і ўкараняецца ў годнасці кожнага чалавека”, - падкрэсліў іерарх.

Справядлівасць – аснова міру

Сакратар па адносінах з дзяржавамі заўважыў, што “Касцёл разумее мір не толькі як адсутнасць вайны, але як існаванне справядлівых адносін». Ён нагадаў, што ад часоў Першай сусветнай вайны і да сёння Папы пастаянна заклікалі да міру, “заснаванага не на заваяваннях, а на справядлівасці, праўдзе, любові, свабодзе і непарушнай годнасці чалавечай асобы як краевугольным камені”. Сапраўдны мір дасягаецца шляхам цэласнага развіцця чалавека, - дадаў папскі дыпламат, падкрэсліўшы, што “вайна па сваёй сутнасці – гэта паражэнне палітыкі і чалавецтва”.

Рэлігія — не пра помсту, а пра прабачэнне

Арцыбіскуп Галахер пракаментаваў распаўсюджанае меркаванне, што рэлігія нібыта выклікае падзелы. “Але, як нагадаў нам Папа Францішак, не рэлігія сама па сабе, а яе скажэнне вядзе да гвалту. Рэлігія ў сапраўдным сэнсе слова re-ligare – гэта тое, што злучае: чалавека з Богам і людзей паміж сабой. Яна апелюе не да прымусу, а да сумлення, не да помсты, а да прабачэння. Чалавечае сэрца, як пісаў святы Аўгустын, няспынна трывожыцца, пакуль не знойдзе супакою ў Богу. І гэтая трывога ператвараецца ў канфлікт, калі ігнаруецца маральнае вымярэнне”, - дадаў іерарх.

Чатыры стаўпы міру

Прадстаўнік Папы акрэсліў таксама чатыры фундаментальныя стаўпы, на якіх трымаецца падыход Святога Пасаду да пытання міру. Першы – годнасць чалавека: кожнае чалавечае жыццё – святое і не можа быць міру, калі нават адно жыццё лічыцца вартым таго, каб ахвяраваць ім. Другі – агульнае дабро: мір павінен служыць усім, а ў першую чаргу бедным, абяздоленым і забытым. Трэці – салідарнасць: мы не ізаляваныя індывіды, а чалавечая сям’і. Чацвёрты – як казаў Павел VI, “развіццё – гэта новае імя міру”, але развіццё павінна быць сапраўды цэласным і ахопліваць усе вымярэнні чалавечай асобы і ўсіх народаў зямлі.
 

15 чэрвеня 2025, 09:14