Арцыбіскуп Галахер на Кубе: не бойцеся адкрыць сэрцы Хрысту
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у канферэнцыі ў Гаване, прымеркаванай да 90-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Кубай, а таксама 10-годдзя візіту на востраў Папы Францішка.
“Не бойцеся адкрыць вашы сэрцы Хрысту. Дазвольце Яму ўвайсці ў вашы жыцці, сем’і, грамадствы, каб усё стала абноўленым”, - нагадаў арцыбіскуп Галахер словы, якія святы Ян Павел ІІ прамовіў падчас свайго візіту на Кубу ў 1998 годзе.
Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што дыпламатыя Святога Пасаду арыентаваная на пашырэнне міру, для якога неабходныя прымірэнне, праўда, дыялог, справядлівасць, салідарнасць, раззбраенне, павага да правоў чалавека, а таксама абарона сям’і і жыцця.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што трансцэндэнтнае вымярэнне чалавечай асобы патрабуе павагі і прасоўвання яе фундаментальнага права на свабоду думкі, сумлення і веравызнання.
“Прызнаючы духоўнасць асобаў і паважаючы іх рэлігійную свабоду, а таксама даючы кожнаму магчымасць свабодна вызнаваць сваю веру, мы ўсе можам выканаць свой абавязак – спрыяць дабрабыту ўсіх і сваіх сацыяльных супольнасцяў. Гэта, у выніку, спрыяе стварэнню больш гарманічнага і квітнеючага грамадства”, - дадаў арцыбіскуп Галахер.