Выбары Папы – ад белага дыму да “Habemus Papam”
Тэкст: Алесандра Дзі Бусола / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка
Белы дым з коміна Сікстынскай капэлы толькі што абвясціў вернікам і свету пра абранне новага Біскупа Рыма, Наступніка святога Пятра. Але што ж адбылося пад скляпеннямі, распісанымі Мікеланджэлам, некалькімі хвілінамі раней, і што яшчэ павінна адбыцца да абвяшчэння імя новага Папы, якое пасля “Habemus Papam” агучыць з лоджыі кардынал-протадыякан, француз Дамінік Мамберці?
Абрад прыняцця
Паводле нормаў “Ordo rituum Conclavis” і Апостальскай канстытуцыі “Universi Dominici Gregis”, адзін з кардыналаў, прысутных у Сікстынскай капэле, набраў неабходную большасць галасоў — кананічнае абранне адбылося. Першы з кардыналаў па ступені і старшынстве (альбо, калі ён сам быў абраны, то другі) ад імя ўсёй Калегіі выбаршчыкаў спытаў у абранага: “Ці прымаеш ты сваё кананічнае абранне Вярхоўным Пантыфікам?” Атрымаўшы станоўчы адказ, ён задаў наступнае пытанне: “Якім імем жадаеш звацца?” Затым магістр літургічных цэлебрацый, выступаючы ў якасці натарыуса і пры наяўнасці двух цырымоніймайстраў у якасці сведкаў, склаў дакумент, які пацвердзіў згоду новага Пантыфіка і прынятае ім імя.
Завяршэнне канклава
Канклаў завяршаецца, як вызначае Апостальская канстытуцыя “Universi Dominici Gregis”, пасля таго як новы Папа даў згоду на абранне, “калі ён не вырашыць іншага”. Пасля гэтага ў Сікстынскую капэлу могуць увайсці Субстытут Дзяржаўнага сакратарыята, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і іншыя асобы, чыя прысутнасць патрэбная ў сувязі з надзённымі пытаннямі.
Дым і “Пакой слёз”
Пасля Абраду згоды ўсе бюлетэні і іншыя дакументы, выкарыстаныя падчас выбараў, былі спалены, а белы дым засведчыў, што Папа абраны. Пакуль вернікі на плошчы Святога Пятра апладзіруюць, а свет чакае імя новаабранага Пантыфіка, ён пакідае Сікстынскую капэлу і ўваходзіць у сакрыстыю, так званы “Пакой слёз”. Тут, з дапамогай магістра літургічных цэлебрацый, ён апранае адну з трох загадзя падрыхтаваных папскіх сутан.
Першая цырымонія адданя пашаны і “Te Deum”
Пасля вяртання ў Сікстынскую капэлу Пантыфік сядае на сваё месца. Цырымонія пачынаецца з прывітання першага па старшынстве кардынала-біскупа. Потым першы па старшынстве кардынал-прэзбітэр чытае ўрывак з Евангелля: “Ты – Пётр, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой” альбо “Пасі авечак Маіх”. Затым кардынал-протадыякан прамаўляе малітву за новаабранага Папу. Усе кардыналы, паводле старшынства, падыходзяць да яго, каб выказаць павагу і паслухмянасць. Напрыканцы ўсе разам спяваюць гімн “Te Deum”, які распачынае сам Папа.
Малітва ў Паўлінскай капэле
Пакуль кардынал-протадыякан Дамінік Мамберці выходзіць на лоджыю благаслаўленняў і абвяшчае: “Annuntio vobis gaudium magnum: habemus Papam!” (Абвяшчаю вам вялікую радасць: у нас ёсць Папа!), сам Папа ўваходзіць у Паўлінскую капэлу. Там ён моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а пасля накіроўваецца да лоджыі, каб прывітаць народ і ўдзяліць першае апостальскае благаслаўленне “Urbi et Orbi”.