MAP

Ватыканскія музеі: новая экспазіцыя мікрамазаікі

"Настальгія і вынаходніцтва" – такую назву атрымаў новы экспазіцыйны праект Ватыканскіх музеяў, прэзентацыя якога адбылася 13 мая 2025 года. Ён уяўляе сабой абноўленае афармленне ўнікальнай калекцыі мікрамазаікі – мастацкіх твораў, выкананых з драбнюткіх каляровых кавалачкаў смальты.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адкрыццё новай выставы ўзначалілі дырэктар музеяў Барбара Ята і кіраўнік аддзела дэкаратыўнага мастацтва Лука Пезантэ. “Мікрамазаіка – адна з самых яркіх праяў італьянскай мастацкай вынаходлівасці і адчувальнасці”, - падкрэсліла кіраўніца Ватыканскіх музеяў. Новае афармленне экспазіцыі дазволіць публіцы па-новаму зірнуць на ўнікальную калекцыю прыкладнога мастацтва.

Выставачны праект месціцца ў Галерэі Ватыканскай бібліятэкі ў арыгінальных шафах XVIII стагоддзя, якія раней захоўвалі кнігі, а сёння ператварыліся ў своеасаблівыя скарбонкі для мастацкіх твораў.

Назва выставы "Настальгія і вынаходніцтва" была натхнёная ідэяй даследчыка Альвара Гансалеса-Паласіяса, які ахарактарызаваў італьянскае мастацтва як "бесперапынную паслядоўнасць новых ідэй і ўспамінаў аб старажытнасці". Менавіта такое спалучэнне новых вобразных моў і неакласікі адлюстравана ў рымскай мікрамазаіцы XVIII стагоддзя.

Майстэрства мікрамазаікі бярэ пачатак з традыцый манументальнай мазаікі ў Базіліцы Святога Пятра, дзе ў канцы XVI стагоддзя была створана майстэрня мазаічнага мастацтва. З манументальнай традыцыі паступова развілася тэхніка мікрамазаікі, якой аздаблялі вытанчаныя прадметы раскошы. Пазней яна стала папулярнай сярод падарожнікаў эпохі Grand Tour.

“Мікрамазаіка расквітнела ў Рыме ў канцы XVIII стагоддзя і за вельмі кароткі час распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і за яе межамі. Папулярнасці мікрамазаікі спрыялі папскія падарункі дыпламатам і манархам. Гэта зрабіла мікрамазаіку надзвычай жаданым прадметам”, - адзначыў Лука Пезантэ.

14 мая 2025, 13:10