MAP

Ватыканскі павільён атрымаў спецыяльны прыз на біенале ў Венецыі

Міжнароднае журы XIX Венецыянскай архітэктурнай біенале прысудзіла спецыяльную ўзнагароду павільёну Святога Пасада за праект "Адкрыты твор". Ён размясціўся ў старажытным Доме Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, які калісьці быў прытулкам для пілігрымаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 10 мая 2025 года ў палацы Ca’ Giustinian у Венецыі. У склад журы ўвайшлі швейцарскі мастацтвазнаўца Ганс Ульрых Обрыст, куратар Музея сучаснага мастацтва (MoMA) у Нью-Ёрку Паола Антанэлі і архітэктар з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Мпо Маціпа. Тлумачачы свой выбар, яны адзначылі, што прысудзілі спецыяльны прыз ватыканскаму павільёну “за стварэнне прасторы для абмену, дыялогу і аднаўлення”.

Кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, падкрэсліў, што праект служыць будаўніцтву мастоў і супольнасцей. “Дзякуй Венецыянскаму біенале за гэтую асаблівую ўзнагароду. Як сказаў у сваёй першай прамове Папа Леў XIV, сёння мы маем патрэбу ў будаўніках мастоў. Нам патрэбныя ткачы адносін, якія вераць у каштоўнасці аднаўлення і клопату. Нам патрэбныя надзейныя куратары адносін, як з навакольным асяроддзем, так і з чалавечымі супольнасцямі”.

У гэтым годзе павільён Святога Пасада размешчаны ў Доме Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Casa di Santa Maria Ausiliatrice) – будынку XII стагоддзя, які калісьці быў прытулкам для пілігрымаў на шляху ў Святую Зямлю, шпіталем, а затым дзіцячым домам. Ён быў ператвораны ў адкрытую культурную прастору, дзе пераплятаюцца архітэктура, мастацтва, музыка, адукацыя і рамёствы. Праект распрацаваны архітэктарамі студый Tatiana Bilbao і MAIO Architects пад кіраўніцтвам куратараў Марыны Атэра Вержэ і Джаваны Забоці.

Галоўная мэта праекта – ініцыяваць працэсы рэстаўрацыі і дыялогу, у якіх архітэктура становіцца спосабам клопату пра людзей і супольнасці. На працягу наступных шасці месяцаў тут будзе праходзіць адкрытая рэстаўрацыя капліцы. Працы вядзе кампанія “Lares”, спецыялізаваная на аднаўленні гістарычных помнікаў. Публіка мае магчымасць актыўна ўдзельнічаць у праекце: тут праходзяць бясплатныя майстар-класы, сумесныя вячэры і творчыя ініцыятывы.

13 мая 2025, 11:32