MAP

Ватыканскі стэнд на Міжнародным кніжным кірмашы ў Турыне ў 2024 годзе Ватыканскі стэнд на Міжнародным кніжным кірмашы ў Турыне ў 2024 годзе 

Ватыканскае выдавецтва на Міжнародным кніжным салоне ў Турыне

Ватыканскае выдавецтва традыцыйна прымае ўдзел у Міжнародным кніжным салоне ў Турыне. Форум, які праходзіць з 15 па 19 мая 2025 года, стане пляцоўкай для дыскусій аб актуальных праблемах сучаснага свету і Касцёла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас прэстыжнай кніжнай выставы Libreria Editrice Vaticana (LEV) прадставіць свае новыя публікацыі, сярод якіх – зборнік гамілій Папы Бэнэдыкта XVI. Прэзентацыя кнігі “Пан, які трымае нас за руку” (Il Signore ci tiene per mano) адбудзецца 17 мая з удзелам ксяндза Фэдэрыка Ламбардзі, старшыні ватыканскага Фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, і Андрэа Тарніелі, галоўнага рэдактара СМІ Святога Пасада.

Да гэтага ватыканскае выдавецтва арганізуе яшчэ дзве сустрэчы. Першая з іх адбудзецца 15 мая і стане нагодай прадставіць зборнік раней неапублікаваных тэкстаў ксяндза Луіджы Джусані – італьянскага святара і педагога, заснавальніка касцёльнага руху Comunione e Liberazione.

Прэзентацыя кнігі “Сустрэча, якая запальвае надзею” (L’incontro che accende la speranza), што выйшла пад рэдакцыяй Давідэ Проспэры, дасць магчымасць абмеркаваць духоўную і сацыяльную спадчыну святара, які здолеў запаліць надзею ў сэрцах вялікай колькасці італьянскай моладзі. У дыскусіі возьмуць удзел журналісты, прадстаўнікі Касцёла і грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць падлеткам.

Яшчэ адна сустрэча, арганізаваная ватыканскім выдавецтвам на кніжным кірмашы ў Турыне, будзе прысвечана тэме: “Хрысціяне ў свеце, які (больш) не хрысціянскі”. Падчас яе адбудзецца дыскусія паміж кардыналам Жозэфам Дэ Кэселем, арцыбіскупам-эмерытам Мехелен-Брусэльскім, і італьянскім пісьменнікам Сандра Веранезэ, аўтарам кнігі “Хрысціяне ў свеце, які больш не +” (Cristiani in un mondo che non lo è +).
 

15 мая 2025, 11:44