MAP

На выставе "Codex" у Ватыканскай бібліятэцы На выставе "Codex" у Ватыканскай бібліятэцы  

Ватыканская бібліятэка сінтэзуе мастацтва і памяць у "Codex"

У Ватыканскай бібліятэцы да 2 чэрвеня 2025 года працуе выстава "Codex", дзе шэдэўры Мікеланджэла, Караваджа і Берніні суседнічаюць з унікальнымі архіўнымі дакументамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выстава "Codex" у Сікстынскай зале Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі стварае ўнікальную сустрэчу паміж мастацкімі шэдэўрамі і каштоўнымі архіўнымі дакументамі. Падзея адбываецца ў памяшканнях, якія зачынены для звычайных наведвальнікаў, і можа быць агледжана толькі па запрашэнні. Яна прысвечана стварэнню новага аб'яднання "Патроны Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі" (WBA) у межах Фонду “Colnaghi”, паведамляе Паола Андарца з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”.

Дыялог паміж мастацтвам і архіўнымі дакументамі

"Гэта цудоўная форма супрацоўніцтва", - тлумачыць прэфект Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі ксёндз Маўра Мантавані. Дзякуючы “Colnaghi”, найстарэйшай у свеце галерэі мастацтва (працуе з 1760 года), ініцыяваны праект мадэрнізацыі архіўнай секцыі. Асабліва каштоўныя рукапісы будуць ацыфраваны высокавытворчым сканерам “Colnaghi Factum”.

На выставе прадстаўлены два творы Мікеланжэла: сангвінічны эскіз фігуры з Сікстынскай капэлы і фрагмент роспісу, намаляванага драўляным вугалем з кухні Дома Буанароці ў Сеціньяна з мужчынскай фігурай у тры чвэрці: магчыма, трытонам або сатырам. Сярод іншых шэдэўраў – партрэт Папы Паўла III работы Тыцыяна (1546), экспрэсіўная выява Папы Клімента VII работы Себасцьяна дэль П'ёмба і партрэт Франчэска Барберыні работы Караваджа.

Ватыканская бібліятэка. Выстава "Codex"
Ватыканская бібліятэка. Выстава "Codex"

Інтэнсіўнай і драматычнай у сваім натуральным асяроддзі з'яўляецца постаць святога Пятра ў пакутах, выкананая ван Дэйкам – адзіны неітальянскі твор на выставе. Надзвычай жывыя мазкі пэндзля Тынтарэта характарызуюць партрэт кардынала Маркантоніа да Мула, дыпламата Венецыянскай рэспублікі і аднаго з герояў Трэдэнцкага Сабора: унікальны твор у творчасці мастака як па выбары фактуры, так і па жывапіснай віртуознасці.

Код, які аб'ядноўвае мецэнатаў, мастакоў і інтэлектуалаў

"Кожная праца з'яўляецца сведчаннем гісторыі і нашага яе разумення", - адзначае куратарка Кандыда Лодавіка дэ Анджэліс Корві. Выбар назвы "Codex" сімвалічны: "Гэта кнігавы тэрмін, але адначасова і этымалагічная аснова слова 'кадаванне'. У нашым разуменні ён азначае своеасаблівы код, які аб'ядноўвае мецэнатаў, мастакоў і інтэлектуалаў".

"Codex" - толькі першая з серыі штогадовых падзей у супрацоўніцтве паміж Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкай і Фондам "Colnaghi" на працягу наступных пяці гадоў, што павінна паспрыяць абнаўленню дыялогу паміж мастацтвам і памяццю.
 

28 мая 2025, 10:26