Ватыкан: абнаўленне сістэмы дыстрыбуцыі паштовых марак і манет
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З пачатку ліпеня 2025 года калекцыянеры і аматары з усяго свету змогуць набываць маркі і манеты Дзяржавы Ватыкан анлайн – праз цалкам абноўлены сайт і інтэрнэт-краму. Упакоўка прадукцыі таксама зменіцца: яна будзе вырабляцца з матэрыялаў, што перапрацоўваюцца або маюць нізкі ўзровень уздзеяння на навакольнае асяроддзе.
У Губернатараце паведамілі, што працэс абнаўлення накіраваны на “забеспячэнне большай эфектыўнасці, якасці і празрыстасці” ва ўсіх аспектах дзейнасці Дзяржаўнага манетнага двара і Філатэлістычна-нумізматычнага аддзела.
Адным з новаўвядзенняў стане новая платформа дыстрыбуцыі прадукцыі на сайце www.cfn.va – больш інтуітыўная і адкрытая для калекцыянераў з усяго свету. “Уся стратэгія продажу была перагледжана на прынцыпах празрыстасці і шырокай даступнасці”: фактычна, логіка папярэдняга размеркавання будзе пераадолена на карысць “больш інтэрактыўных, бесстаронніх і даступных” крытэрыяў, якія адпавядаюць патрэбам усё большай і разнастайнай супольнасці філатэлістаў і нумізматаў. Акрамя таго, для пэўных ліній прадукцыі дыстрыбуцыя будзе ажыццяўляцца і праз камерцыйных партнёраў, выбраных Губернатаратам.
Паведамляецца, што пасля абнаўлення і перагляду базы даных кліентаў, ужо ўнесеных у рэестр Філатэлістычна-нумізматычнага аддзела, у адпаведнасці з новымі ватыканскімі нормамі адносна абароны персанальных даных, сістэма продажу рыхтуецца прыняць новых калекцыянераў. З запускам новай анлайн-платформы зарэгістравацца змогуць нават тыя, хто раней не быў улічаны, што забяспечыць больш шырокі і інклюзіўны доступ.
Будуць задзейнічаны інструменты для забеспячэння празрыстасці і кантролю, якія дазволяць калекцыянерам і аматарам атрымаць “больш бяспечны і адказны лічбавы досвед, адпаведны самым высокім нарматыўным стандартам”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
Падчас працэсу абнаўлення вялікая ўвага надавалася таксама экалагічнай устойлівасці і пошуку больш адказных, экалагічна чыстых рашэнняў як у распрацоўцы прадукцыі, так і ў выбары матэрыялаў. Вытворчасць упакоўкі і інфармацыйнай прадукцыі была пераасэнсавана з мэтай зніжэння экалагічнага ўздзеяння – з выкарыстаннем крытэраў устойлівасці і матэрыялаў, што цалкам падлягаюць перапрацоўцы або маюць нізкі экалагічны ўплыў, у поўнай адпаведнасці з прынцыпамі ўстойлівага развіцця, якія прасоўвае Дзяржава Ватыкан.
Губернатарат паведаміў, што на працягу апошніх некалькіх месяцаў рэструктурызацыі вытворчасць філатэлістычнай і нумізматычнай прадукцыі не спынялася: рэгулярна выпускаліся серыі, прысвечаныя пантыфікату Папы Францішка, Юбілейнаму 2025 году, перыяду Sede Vacante і пачатку пантыфікату Папы Льва XIV.