MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане сустрэнуцца лідары касцельных рухаў

4-6 чэрвеня 2025 года ў Ватыкане пройдзе штогадовая сустрэча лідараў касцельных рухаў і супольнасцей, прысвечаная евангелізацыі і фарміраванню ў святле хрысціянскай надзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця запрашае мадэратараў міжнародных асацыяцый вернікаў, касцельных рухаў і новых супольнасцей на сустрэчу ў Новай сінадальнай зале. Мерапрыемства пройдзе пад дэвізам "Надзея, якая жыве і абвяшчаецца. Дар Юбілею для касцельных супольнасцей".

Тэма гэтага Юбілейнага года накіравана на тое, каб "разам пераасэнсаваць евангелізацыйную місію, якая была даверана ў сучасным свеце, адзначаецца ў адмысловым паведамленні.

Сустрэча пачнецца 4 чэрвеня ўвечары з выступлення кардынала Кэвіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі. Прафесар Андрэа Рыкардзі, гісторык і заснавальнік Супольнасці Святога Эгідзія, разам з прафесарам Луіджына Бруні, эканамістам і віцэ-старшынёй форуму "Эканоміка Францішка", прапануюць агульную рэфлексію на тэму "Якія выклікі стаяць перад рухамі сёння?"

Яны падзеляцца рэфлексіяй пра магчымасці і выклікі свету, які глыбока змяніўся на некалькіх узроўнях – культурным, антрапалагічным, камунікацыйным.

Першы дзень працягнецца пакаяннай літургіяй у Базіліцы Святога Пятра. Пасля слухання Слова Божага адбудуцца два ключавыя моманты: прызнанне недахопаў і памылак рухаў і душпастыраў адносна харызмы, вернікаў і місіі самога Касцёла, а таксама заклік да Духа Святога кіраваць усімі асацыяцыямі вернікаў праз неабходнае навяртанне.

5 чэрвеня дзень пачнецца са Імшы ў Базіліцы Святога Пятра, якую ўзначаліць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці. Потым, падчас пасяджэння, выступіць кардынал Луіс Антоніа Тагле, про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, з дакладам "Пераасэнсаванне місіі ў святле надзеі".

Арганізатары спадзяюцца, што “штогадовая сустрэча з мадэратарамі разам з Юбілеем касцельных рухаў, асацыяцый і новых супольнасцей, які наступіць непасрэдна пасля сустрэчы, стане магчымасцю пражыць абноўленую Пяцідзясятніцу".
 

31 мая 2025, 11:24