У Ватыкане абмяркуюць шляхі пераадолення палярызацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэма форума – “Пераадоленне палярызацыі і аднаўленне этычных асноў глабальнага кіравання: на шляху да новага парадку дня ўсеагульнага росквіту, міжнароднага супрацоўніцтва і пабудовы міру".
У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, касцёльныя дзеячы, навукоўцы, прадпрымальнікі і духоўныя лідары розных канфесій, каб у духу сінадальнасці абмеркаваць ключавыя пытанні, якія тычацца будучыні сусветнай эканомікі, грамадства і міжнародных адносін.
Старшыня Фонду “Centesimus Annus Pro Pontifice” Паола Гарона патлумачыў, што канферэнцыя з'яўляецца жэстам падзякі Францішку і канкрэтным абавязацельствам працягваць рухацца па пракладзеным ім шляху. Асаблівая ўвага будзе нададзена такім тэмам, як адказнае лідарства; эканамічнае і сацыяльнае супрацоўніцтва; адраджэнне шматбаковасці; эканамічная і фінансавая інтэграцыя як на кантынентальным, так і на міжкантынентальным узроўнях; палягчэнне даўгавога цяжару ўразлівых краін; а таксама ўплыву “міжземнаморскай тэалогіі” на сацыяльнае вучэнне Касцёла, міжрэлігійны дыялог і мір ва ўсім свеце.
Форум стартуе 16 мая ў 9.00 пленарнай сесіяй, прысвечанай этычным асновам глабальнага кіравання, затым адбудуцца сесіі на тэмы "Еўропа, этыка і палітыка рэформаў" і "Каталіцкае сацыяльнае вучэнне ў свеце і яго ўклад у дыялог і глабальнае супрацоўніцтва", а таксама дыскусіі па рэгіянальных блоках: пра Афрыку, Азію, Лацінскую Амерыку і Захад.
У другой палове дня адбудзецца пленарнае пасяджэнне, а таксама сесія, прысвечаная міжземнаморскаму сацыяльнаму вучэнню, у рамках якой будзе разгледжаны Марсельскі маніфест 2023 года, а таксама роля тэалогіі і міжрэлігійнага дыялогу ў спрыянні міру і развіццю Міжземнамор’я.
Акрамя асноўнай канферэнцыі, адбудуцца два дадатковыя мерапрыемствы. 15 мая пройдзе асамблея Фонду “Centesimus Annus Pro Pontifice”, прысвечаная каталіцкай грамадскай думцы і яе ўплыву на адказнае лідарства ў палярызаваным свеце. 17 мая ўдзельнікі канферэнцыі возьмуць удзел у Імшы ў Базіліцы Святога Пятра і здзейсняць пілігрымку праз Святую Браму ў межах Юбілейнага года надзеі.