Святы Пасад у ААН: спыніць ахвяры сярод мірнага насельніцтва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Святы Пасад лічыць неабходным пакласці канец выкарыстанню ўзбраенняў невыбарачнага дзеяння, проціпяхотных мін і касетных боепрыпасаў, а таксама прымяненню выбуховых прылад у населеных пунктах. Гэта, разам з прыпыненнем вытворчасці і назапашвання зброі, з’яўляецца канкрэтнымі і тэрміновымі крокамі да лепшай абароны мірнага насельніцтва”, - сцвердзіў арцыбіскуп Габрыэле Кача.
22 мая 2025 года прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выступіў на адкрытых дэбатах у Радзе Бяспекі ААН, прысвечаных абароне грамадзянскага насельніцтва падчас узброеных канфліктаў.
“Святы Пасад, выказваючы глыбокую занепакоенасць ростам колькасці і інтэнсіўнасці ўзброеных канфліктаў у свеце, якія працягваюць наносіць цяжкія і непрапарцыйныя пакуты мірнаму насельніцтву, падкрэслівае неадкладную неабходнасць выканання норм міжнароднага гуманітарнага права, асабліва Жэнеўскіх канвенцый і іх Дадатковых пратаколаў”, - заявіў ватыканскі дыпламат.
“Вельмі важна, каб нават у разгар канфлікту абарона чалавечай асобы і годнасці, дадзенай ёй Богам, заставалася ў цэнтры ўсіх калектыўных намаганняў – разам з дзеяннямі, скіраванымі на прадухіленне бедства вайны”, - дадаў арцыбіскуп Кача, падкрэсліўшы, што “чалавек ніколі не павінен успрымацца як расходны матэрыял або зводзіцца да “пабочных страт”.
“Мэтанакіраваныя ўдары па мірным насельніцтве, уключаючы жанчын, дзяцей і гуманітарны персанал; знішчэнне ключавых аб’ектаў інфраструктуры – такіх як шпіталі, школы і месцы культу; а таксама перашкоды ў доступе гуманітарнай дапамогі да тых, хто яе тэрмінова патрабуе, выклікаюць асаблівую заклапочанасць. Такія дзеянні з’яўляюцца не толькі трагедыяй для чалавецтва, але і сур’ёзным выклікам для асноў міжнароднай бяспекі”, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.