MAP

Штаб-кватэра ААН у Жэневе Штаб-кватэра ААН у Жэневе 

Святы Пасад у ААН: будучыні многіх краін пагражае даўгавы крызіс

Сучасны даўгавы крызіс – гэта не толькі фінансавая праблема, але і маральны выклік, які пагражае праву на развіццё, папярэдзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ўстановах ААН у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра выступіў 12 мая 2025 года з заявай на 26-й сесіі Рабочай групы ААН па праве на развіццё. Ён заклікаў глядзець на праблему дзяржаўнага доўгу праз прызму Юбілейнага года, які заклікае да справядлівасці, міласэрнасці і абнаўлення. Спісанне даўгоў даўно ўвайшло ў традыцыю святкавання Юбілеяў. Юбілей – гэта "зручны час, каб падумаць, сярод іншага, аб істотным скарачэнні, калі не аб поўнай адмене, міжнароднага доўгу, які сур'ёзна пагражае будучыні многіх краін", - нагадаў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што крызіс пазык неаддзельны ад крызісу развіцця. За два дзесяцігоддзі знешні доўг краін, якія развіваюцца, вырас у чатыры разы, дасягнуўшы рэкордных 11,4 трыліёнаў долараў у 2023 годзе, што амаль эквівалентна 99 працэнтам іх экспартных паступленняў. Больш трывожным, чым сам доўг, з'яўляецца цяжар яго абслугоўвання: краіны з нізкім узроўнем даходу зараз выдаткоўваюць у тры разы больш на абслугоўванне знешняга доўгу, чым дзесяць гадоў таму. Сярэднестатыстычная краіна, якая развіваецца, выдаткоўвае 16 працэнтаў экспартных паступленняў на абслугоўванне доўгу. Больш за 3,3 мільярда чалавек жывуць у краінах, дзе на выплату працэнтаў па даўгах траціцца больш сродкаў, чым на ахову здароўя і адукацыю.

У цяперашні час структура крэдытораў сур'ёзна змянілася: пераважаюць прыватныя крэдыторы і крэдыторы, якія не ўваходзяць у Парыжскі клуб, што ўскладняе рэструктурызацыю даўгоў. Разам з ростам унутраных пазык гэта пагаршае кіраванне фінансамі ў краінах, якія ідуць па шляху развіцця, - нагадаў дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра заклікаў разглядаць праблему даўгоў і развіцця разам, бо адна праблема ўзмацняе другую. Ён нагадаў пра некаторыя прынцыпы, якія трэба выконваць ва ўсіх этычных фінансавых адносінах, уключаючы пераадоленне пазыковага крызісу і забеспячэнне права на развіццё. Гэта такія прынцыпы, як прымат чалавечай годнасці і агульнага дабра; этычная адказнасць пры выдачы і атрыманні пазык; павага да справядлівасці; і глабальная салідарнасць.

Святы Пасад не прапануе канкрэтных тэхнічных рашэнняў, але заклікае дзяржавы, міжнародныя інстытуты і экспертаў да тэрміновага, інклюзіўнага і этычнага дыялогу дзеля пошуку эфектыўных і справядлівых шляхоў наперад. Прыбытак не можа быць адзіным крытэрыем поспеху. Сапраўднай мерай павінны стаць годнасць чалавечай асобы і агульнае дабро. “Новая этыка патрабуе ўсведамлення нашай адказнасці перад іншымі, перад светам і перад будучымі пакаленнямі”, - заключыў прадстаўнік Святога Пасада.

13 мая 2025, 12:47