MAP

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (REUTERS)

Святы Пасад нагадаў пра важнасць этыкі ў развіцці ШІ

Ставіць этычныя прынцыпы і каштоўнасці ў цэнтр распрацоўкі і выкарыстання штучнага інтэлекту заклікаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у спецыяльным пасяджэнні Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), якое прайшло ў Нью-Ёрку 6 мая 2025 года. Яно было прысвечана тэме этычных прынцыпаў распрацоўкі і выкарыстання штучнага інтэлекту.

Прадстаўнік Святога Пасада назваў штучны інтэлект “выбітным тэхналагічным дасягненнем, якое адначасова нясе ў сабе і шматлікія рызыкі”, таму на міжнароднай супольнасці ляжыць важная адказнасць па рэгуляванню яго выкарыстання ў розных сферах. Рэгуляванне штучнага інтэлекту павінна засноўвацца на агульных этычных прынцыпах, якімі таксама могуць кіравацца такія структуры, як Глабальны дыялог у галіне ШІ і незалежная Міжнародная навуковая камісія.

Здаровая палітыка ў сферы штучнага інтэлекту патрабуе, каб тэхналагічныя інавацыі ўпісваліся ў больш шырокі кантэкст служэння агульнаму дабру. Распрацоўка і выкарыстанне ШІ павінны заўсёды заставацца на службе чалавека, спрыяць братэрству і дазваляць чалавеку захоўваць крытычнае мысленне і здольнасць да распазнавання, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

"Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту", апублікаваны ў 2020 годзе Папскай акадэміяй жыцця, вызначае шэраг фундаментальных этычных прынцыпаў, такіх як празрыстасць, усеагульны ўдзел, адказнасць, непрадузятасць, надзейнасць і канфідэнцыяльнасць. Гэтая ініцыятыва аб’яднала многія бакі: урады, міжнародныя арганізацыі, іншыя ўстановы і прыватны сектар. Гэта канкрэтны прыклад таго, як зацікаўленыя бакі могуць аб’яднацца, каб вызначыць этычную аснову, якая будзе неабходнай для будучай нарматыўнай базы і дапаможа заканадаўцам збалансаваць інавацыі і рэгуляванне ў галіне ШІ. Гэта адпавядае мэтам, якія былі вызначаны ў "Пакце дзеля будучыні", дадаткам да якога з’яўляецца “Глабальны лічбавы пакт”, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

07 мая 2025, 10:53