MAP

vatican.va ў новым дызайне vatican.va ў новым дызайне 

Святы Пасад мадэрнізуе свой афіцыйны сайт

26 мая 2025 года Святы Пасад пачаў грунтоўную мадэрнізацыю свайго афіцыйнага сайта, замяніўшы традыцыйны дызайн з пергаментным фонам на сучасны і зручны інтэрфейс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абнаўленне сайта Святога Пасада адбываецца ўжо праз некалькі тыдняў пасля пачатку пантыфіката Папы Льва XIV. Новы дызайн кардынальна адрозніваецца ад папярэдняга.

Актуалізуем выгляд нашай старонкі

Працэс мадэрнізацыі яшчэ не завершаны. Наведвальнікі сайта бачаць паведамленне: "Абнаўляем выгляд нашай інтэрнэт-старонкі, каб забяспечыць вам яшчэ лепшыя ўражанні падчас прагляду. Некаторыя раздзелы могуць быць яшчэ ў працэсе абнаўлення. Дзякуем за разуменне".

Класічны пергаментны фон пакуль яшчэ можна бачыць у некаторых раздзелах – напрыклад, на старонцы з Святым Пісаннем на англійскай мове. Аднак структура меню застаецца нязменнай, а шырокія тэкставыя рэсурсы на многіх мовах па-ранейшаму даступныя.

Ад 1995 года да нашых дзён

Ватыканскі сайт быў запушчаны на Нараджэнне Хрыстова 1995 года падчас пантыфіката Папы Яна Паўла II. За гэты крок адказвалі арцыбіскуп (пазней кардынал) Джон Патрык Фолі з ЗША як старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, а таксама Хаакін Навара-Вальс, прэс-сакратар Апостальскага Сталіцы.

На пачатку сайт амаль не змяшчаў ні тэкстаў, ні фотаздымкаў. З гадамі прапанова значна пашырылася. Цяпер старонка даступная на дзевяці мовах, уключаючы лацінскую. Тым не менш, не ўсе дакументы заўсёды даступныя ў інтэрнэце на ўсіх дзевяці мовах – шмат якія тэксты, асабліва выступленні, прысутнічаюць толькі на мове арыгінала.

Унікальная даменная зона “.va”

Акрамя афіцыйнага сайта Святога Пасада, асобныя дыкастэрыі і іншыя ўстановы маюць уласныя інтэрнэт-старонкі. Даменная зона найвышэйшага ўзроўню ".va" існуе з 11 верасня 1995 года. У адрозненне ад звычайных доменаў накшталт ".org" ці ".com", адрасы з канчаткам ".va" могуць рэгістравацца выключна Святым Пасадам.
 

27 мая 2025, 10:57