MAP

Ксёндз Рэнца Пегарарa Ксёндз Рэнца Пегарарa 

Папа прызначыў новага старшыню Папскай акадэміі жыцця

27 мая 2025 года Папа прызначыў новага старшыню Папскай акадэміі жыцця – ім стаў ксёндз Рэнца Пегарарa, які з 2011 года быў канцлерам гэтай установы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ксёндз Рэнца Пегарарa – ураджэнец Падуі, дзе нарадзіўся 4 чэрвеня 1959 года, атрымаў медыцынскую адукацыю ва ўніверсітэце роднага горада і з 1989 года належыць да духавенства Падуанскай дыяцэзіі. Біяграфія святарa адлюстроўвае яго ўнікальны сплаў тэалагічнай адукацыі і медыцынскай кампетэнцыі: пасля атрымання ліцэнцыята па маральнай тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ён дасканаліў веды ў галіне біяэтыкі.

Медык і тэолаг у адной асобе

З 2011 года святар займаў пасаду канцлера Папскай акадэміі жыцця, а раней кіраваў “Фондам Ланца” ў Падуі і выкладаў біяэтыку на Факультэце тэалогіі Трывэнета. Ад 2000 года працуе экспертам па этыцы медыцынскай апекі ў вядомым папскім дзіцячым шпіталі “Bambino Gesù” і стаў аўтарам шэрагу спецыялізаваных кніг і артыкулаў. У еўрапейскай супольнасці ён атрымаў прызнанне як былы старшыня Еўрапейскай асацыяцыі цэнтраў медыцынскай этыкі (EACME).

Дыялог навукі і веры

Папская акадэмія жыцця з'яўляецца навукова-кансультацыйнай установай Святога Пасада, якая спецыялізуецца на этычных пытаннях абароны чалавечага жыцця. Акадэмія вывучае біяэтычныя аспекты сучасных медыцынскіх тэхналогій, праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні пытанняў пачатку і канца жыцця, а таксама фарміруе касцельную пазіцыю па складаных маральных пытаннях генетыкі і рэпрадуктыўных тэхналогій.

Дзейнасць установы ахоплівае правядзенне навуковых канферэнцый, публікацыю спецыялізаваных прац па біяэтыцы і стварэнне рэкамендацый для касцельнай супольнасці.

Акадэмія садзейнічае дыялогу паміж навукай і верай, дапамагаючы біскупам у вырашэнні этычных дылем сучаснасці, і паслядоўна абараняе прынцып недатыкальнасці чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
 

27 мая 2025, 12:07