Скасаваны “Пярсцёнак рыбака” і пячатка Папы Францішка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У нарадзе ўдзельнічалі 173 члены Калегіі кардыналаў, з якіх 130 маюць права голасу пры выбары новага Папы, - паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
26 іерархаў выступілі з прамовамі, у якіх закранулі шырокі спектр важных для Касцёла і свету пытанняў. Гаворка ішла пра рэформы Папы Францішка, якія датычаць заканадаўства адносна злоўжыванняў, фінансавых спраў, Рымскай курыі, сінадальнасці, працы на карысць міру і клопату пра стварэнне. Падкрэслівалася, што гэтыя рэформы неабходна працягваць.
Кардыналы казалі пра адзінства як адну з галоўных задач новага Папы, пакліканага быць “будаўніком мастоў”, а таксама пастырам, настаўнікам чалавецтва і “тварам” самарытанскага Касцёла. На фоне глабальных крызісаў – войнаў, насілля і глыбокай палярызацыі – патрэбны Папа міласэрнасці, сінадальнасці і надзеі, - адзначалі іерархі.
Абмяркоўваліся таксама пытанні кананічнага права, паўнамоцтваў Папы, неабходнасці адзінства сярод саміх кардыналаў, а таксама важнасць правядзення рэгулярных сустрэч Калегіі кардыналаў падчас кансісторыяў.
Падчас кангрэгацыі закраналіся тэмы хрысціянскай ініцыяцыі і фармацыі як часткі місіянерскай дзейнасці, сведчання мучанікаў за веру ў рэгіёнах, дзе існуюць абмежаванні рэлігійнай свабоды, а таксама вострая праблема кліматычных зменаў. Кардыналы згадвалі пра экуменічны дыялог, Нікейскі сабор і тэму адзінага дня Пасхі для ўсіх хрысціян.
Падчас пасяджэння былі скасаваны свінцовая пячатка і “Пярсцёнак рыбака”, якія належалі Папу Францішку. Акрамя таго, быў зачытаны заклік да ўсіх бакоў ва ўзброеных канфліктах спыніць агонь і распачаць перамовы дзеля справядлівага і трывалага міру.